Згарэлы «Жыгуль» знайшлі недзе ў гарах, на мяжы са Славакіяй, у раёне Закапанэ. Мястэчка, дзе калісь памёр ад сухотаў Іван Луцкевіч. Віталь Івана Луцкевіча дужа шанаваў. Рэдактар, антыквар, масон, усё мог зрабіць дзеля беларускай справы, хоць з бальшавікамі перамовіцца, хоць кайзераўцаў у Вільні з хлебам-соллю сустрэць. У Луцкевіча дзве магілы. Адна – у Закапанэ, дзе ён праляжаў ледзь не стагоддзе. Другая – у Вільні, на могілках Роса, куды яго перапахавалі (сімвалічна, бо магіла не знойдзена…) ужо ў наш час. А ў Корвуса майго, Крумкача недарэчнага, – ні магілы, ні пэўнага лёсу…
І толькі не трэба мне вашых версій. Думаеце, хоць штосьці я не чула? Мафіёзныя разборкі (знайшлі мафіёзі з парай соцень даляраў капіталу). Прыбралі канкурэнты (такі з Віталя быў бізнесмен, як з тармазной калодкі арфа. Проста марыў, каб раз – і шмат грошай звалілася). Спецслужбы дасталі маладога апазіцыянера (ну, у пастарунку Віталь пару тыдняў калісь правёў, на мітынгах свяціўся, але калі ў грамадстве ўсё пасля плошчы патроху сціхла, сціх і ён. У палітыку не лез, бухцеў сабе на кухні, як спаконвеку ў інтэлігенцыі вялося). З’ехаў да каханкі (любімая версія маёй мамы). Вывез кантрабанду і жыве на Канарах. Быў прададзены на органы. Страціў памяць і ляжыць у нейкай замежнай клініцы (версія Віталевай цётухны, адзінай радні). Трапіў у рабства, магчыма, сэксуальнае (ха-ха). Іншапланецян і паралельныя сусветы пакінем па-за падазрэннямі.
Такога я магу вам нагаварыць на сто старонак. Лепшага за мяне спецыяліста па закручванні сюжэту ўсё адно не знойдзеце. Не таму, што я Леў Талстой, а таму, што я мадэратар сайта фанфікшану. Ну, ведаеце, гэта калі школьніцы альбо іх расчараваныя ў жыцці настаўніцы пішуць працягі прыгод Гары Потэра і Северуса Снэйпа, альбо паляўнічых на монстраў Дзіна і Сэма Вінчэсцераў з серыяла «Звышнатуральнае», альбо вампіра Эдварда і анемічнай Бэлы, ці Арагорна з Арвен, ці Шэрлака Холмса з Ватсанам, ці Жалезнага Чалавека з Халкам, зялёным і няшчасным… У свой час мяне гэтая дурата проста выратавала – пасля з’яўлення ў маім жыцці згарэлага «Жыгуля».
Спачатку чытала ўсё запар і рагатала над спробамі апраўдаць шлюб прафесара Снэйпа і Гары Потэра. Прафесар – русалка, альбо кентаўр, альбо вампір, Гары Потэр – светлы эльф, альбо васіліск, альбо голем ці ўвасабленне скандынаўскага бога Одзіна. Галоўнае, ім ну проста неабходна ажаніцца! А то фікрайтарша плакаць будзе.
Але за вычварнымі нязграбнымі аповедамі («он прицелился бровью в ее сторону, и они слились в страстном поцелуе»), якія нагадвалі байкі нанач у спальні летняга дзіцячага лагера, было столькі чыёйсьці тугі, спробы ўцячы ад нецікавага, балотнага жыцця, столькі таемных жарсцяў, якіх у рэале ніколі сабе не дазволіш… А часам аўтары самі з сябе няслаба сцябаліся… І я ўцягнулася. Пісаць самой, праўда, не надта атрымалася, затое сайт прыгожы зрабіла – афармленне ўсё з таямнічых, гатычненькіх такіх дзвярэй. І мадэраваць налаўчылася.