Светлый фон

Калісьці звалі Алена, а можа Алеся, а можа і Александрына. Ды чым даўжэй прыгажуня ляжыць у сутарэннях будынка-саркафага, тым болей растае яе імя. Цяпер яна – Але…

Час ад часу Белы Трактарыст у тумане, пад пошум соснаў і шоргат сухога трыснягу выязджае на ўскраек лесу, да балота і тужліва кліча каханую: «Але-е-е!»

А калі яе імя растане да апошняй знікаючай літары – настане канец усяму, «а-а-а-а-а……», і абрушыцца саркафаг, і Белы Трактарыст пераедзе нас цяжкімі коламі, бо не ўратавалі ягоную каханую, забыліся нават, як яе завуць…

Мы тады шмат прыдумвалі… Што адбудзецца ў «Новай Беларусі». Томасы Моры і Кампанелы філфакаўскага разліву. Помню, газетку футурыстычную змайстрачылі на Пентыуме – былі такія кампы эпохі «Тэтрыса» і Doom. Навіны светлай беларускай будучыні.

Doom

«Злавілі апошняга цмока ў Свіслачы. Чорная тлустая яшчарка на кароткіх тоўсценькіх лапках. Трымаюць у тэрарыуме Менскага заапарка, выселіўшы адтуль кракадзіла ямайскага. Эксперыментуюць, чым лепей карміць. Ялавічыну не жарэ, кураціну не жарэ, нават рыбу не жарэ, хоць рачное стварэнне. Трымаюць пакуль на манга, ператоўчаным з крэветкамі».

«У сутарэннях Полацка ладзяцца двухдзённыя экскурсіі з начлегам у падземным гатэлі на месцы Полацкай бібліятэкі. Кніг у бібліятэцы не засталося. Кажуць, езуіты вывезлі ўпотай, калі іхні ордэн забаранялі».

«Радзівілы вярнуліся на Беларусь і заснавалі пад Менскам завод па выпуску новай маркі аўтамабіляў Kakhanku. Марка заваёўвае рынак, бо ў кіраванні простая, як магнацкі дрыкгант, а ў аздабленні абавязкова пазалочаныя дэталі і чорны арол у якасці лагатыпа».

Kakhanku

«Аэрапорту ў Смалявічах надалі імя Янкі Купалы».

Якія мы былі шчаслівыя… Тады я яшчэ не задумвалася, што ўсе ўтопіі застаюцца прыгожымі, пакуль якісьці фанатык не пачне іх увасабляць. І будзе ж старацца, каб дакладна ўвасобіць, а выйдзе роўненька наадварот.

Цяпер самой сабе здаюся падобнай да той «Але». Мяне так даўно ніхто не згадваў, што імя маё растала, выпарылася ў нетры метрапалітэна, збудаванага на балотах, пясках, суглінках і могілках.

Але нават як след абурыцца не магу, бо плаваю ў рэальнасці, як муха ў кісялі. Часам, адышоўшыся, каб не бачыў Паша ці Вадзім Максімавіч, я кладуся на падлогу-соты і гляджу, гляджу ўніз, як пада мной праплываюць людзі, людзі, людзі… Ау, я тут! Я Але!..

Ды той адзіны чалавек, які б мог назваць цалкам маё імя, той, што прыдумаў там, у самалёце, Белага Трактарыста, – знік. Праз шэсць дзён пасля нашага вяселля. Паехаў на неадкладную сустрэчу з дзелавым партнёрам у Люблін. Марыў заснаваць там фірму па насценных роспісах. У яго ж спецыялізацыя была – манументальны жывапіс. Асабліва ўдавалася імітацыя антычных развалін. Якраз на густ сучасных нуварышаў. На зваротнай дарозе меркаваў завітаць на рынак, прывезці мне адтуль Пунсовую Кветачку… Дакладней, новы ўнітаз з іспанскага фаянсу для нашай хрушчоўкі-аднапакаёўкі. Выправіўся на ўласнай машыне. «Жыгулях». Адмыслова ў свой час шукаў савецкую марку. Выкупіў у Ждановічах за – сорам сказаць – дзвесце даляраў, у апгрэйд уваліў, мабыць, у дзесяць разоў болей. І распісаў арнаментам калінкавіцкага народнага строю. Ідыёт. Ён жа Віталь Корвус. Мой муж цягам шасці дзён.