Са свайго закутка я магу выйсці ў велізарны калідор. У падлозе, яна ж столь для тых, хто ўнізе, – зашклёныя ячэйкі, падобныя да квадратных сотаў, празрыстыя толькі з майго боку. Не ведаю, што бачыце вы, калі задзіраеце галаву, – магчыма, цёмныя застрашлівыя прагалы ў жоўтых «сотах»? Асацыяцыі з сотамі непазбежныя. Бо такі густы мядовы жоўты колер там, унізе… Уся станцыя жоўтая, як мёд. Я гляджу праз квадратныя адтуліны, і пада мной, як у сне, бо шкло каламутна-цьмянае, праплываюць галовы. У капелюшах і вязаных шапачках, з валасамі ў сутаргах хімічнай завіўкі, з пакутлівымі лысінамі. Хто выдумаў, што беларусы русявыя? Сапраўды светлыя валасы сустракаюцца рэдка. І тое яны збольшага плён хімікалій. Мімікрыя характарных паненак пад рахманенькіх. Бландынка я, не бойся, падыходзь, ты дакладна разумнейшы! Яшчэ сярэднявечныя венецыянкі ды старажытныя рымлянкі асвятлялі валасы аслінай мачой. Нізавошта не высветлю свае цёмна-рудыя. І завіваць не буду. Адзіны раз завіла – на ўласнае вяселле. Гэта была кепская ідэя. І вяселле, і завіўка.
На вялікіх маніторах у сумежным пакоі, дзе сядзіць ахова, цэлы дзень праплываюць вашыя твары. Шэрыя ад недасыпу ўранку, шэрыя ад стомы ўвечары, шэрыя ад заклапочанасці ўдзень… На халеру вы ў нешта там у юнацтве верылі, змагаліся за дыпломы, пасады і ўвагу ўпадабанай пары, каб хадзіць вось такімі шэрымі, як недапрасаваная бялізна?
Думку, што я памерла і цяпер на тым свеце, у персанальным чыстцы, я ад сябе баязліва-асцярожна адганяю, як вялізнага чмяля.
Як усё далёка… Вершы ў стылі «Адвеку мы спалі, ды нас разбудзілі». «Беларусь – ганарусь», «Айчына – сына», «сумленне – пакаленне», «зоры – прасторы», «зямля – мая» і, увага, выбух крэатыву – «курганы – груганы». Гэта я так калісь крэатывіла. Нават друкавалася ў часопісе для творчай моладзі, у рубрыцы «Дэбют». На фотцы мой лоб урачыста перавязаны стужкай з беларускім арнаментам. Каб ніхто не сумняваўся, якая аўтарка свядомая.
Быццам бы гэта было іншае жыццё, з якога ўсплываюць толькі эпізоды, як пялёсткі зёлак у размяшанай гарбаце. Вось мы ляцім у самалёце на нейкі там моладзевы семінар. Маладыя абліччы, звонкі смех. Сачыняем гісторыю пра беларускага супергероя. Хто б гэта мог быць? Чалавек-зубр? Чалавек-дзік?
Не, чалавек-трактар!
А яшчэ рамантычней – Белы Трактарыст. Белы, як уваскрослы Гэндальф з «Уладара пярсцёнкаў».
Калі насядаюць ворагі-чужынцы, пакліч – і з пушчы з’явіцца Белы Трактарыст на імклівым трактары «Беларус»… А ў Белага Трактарыста ёсць каханая дзяўчына. Яе трымаюць закладніцай у сутарэнні будынка-саркафага на галоўнай плошчы, у адмысловым халадзільніку. І завуць яе Але.