Светлый фон

Раней гэта быў горад рыцараў i паэтаў. У пару сваіх ружовых мрояў i белых бантаў яна адчувала ix прысутнасць не толькі ў памяці чытаных кніг. I нават не толькі ў гэтым, спракаветным: „Дзве вежы вякі тут збіраюць на веча...” Ёй здавалася — у самім паветры ёсць нешта куды больш адчувальнае, як сама рэальнасць атачэння. Водгук, водбліск ідэалаў мінулага, ідэалаў вечнага. Аблічча ж зямлі нібыта давала расшыфроўку душы гэтых мясцін.

Ёй пашанцавала. Яна мела магчымасць зведаць гэты эліксір, бальзам, канцэнтрат духу. Глытала не разбаўленае бензінавым чадам i мітуслівым галёканнем натоўпу паветра, а зведала чысты, натуральны экстракт нябёс, настоены на паэзіі быцця, водары эпох, рамантычных марах, практыкаваннях інтэлекту i па непахісным кодэксе местачковых суадносін. Ёй пашанцавала. Тут — яе пачатак...

Яна кожнага года вяртаецца сюды...

Дзеля чаго? Каб заканесерваваць надзейна ўспаміны? Пахі, колеры, адчуванні маленства? сустрэць людзей юнацтва? Большасць з ix далёка адсюль. Ці ўвогуле па той бок добрага i злога. Не, яна едзе не толькі таму, каб пакласці кветкі на ix магілы. Хаця на могілкі абавязкава ідзе...

...Можа, яна вяртаецца сюды таму, што толькі туг i было сапраўднае? Бо толькі чаканне — існае? У сапраўджаным канкрэтыка руйнуе наслойванне сэнсаў. Гармонія першапачатковая, harmonia praestabilitata, раскідваецца, распадаецца на відавочнае, веды трушчаць непахіснасць таямніц. Цуд быцця блякне ад нудоты штодзённага, рэчаіснасць запіхвае індывідуума ў натоўп, у выпадковыя соцыумы — суседзяў, сунрацоўнікаў, сустрэчных, пляжыць асобу ў чарговых гістарычных сутаргах. ...Яна ўвесь час. збіраецца ехаць. A дні бяруць у палон. Мінае зіма, ідзе вясна, пракручваецца, як у калейдаскопе, лета, надыходзіць восень. I толькі недзе прыземкам, як у палонку, яна кідаецца ў вандроўку. I, прыехаўшы, разумее, чаму нікому не дала званка. Не напісала. I не будзе спяшацца тэлефанаваць.

Яна павінна быць тут сам-насам. Любая прысутнасць канфіскуе яе галоўны скарб. Прывідны? Мабыць. Рэальны? Таксама магчыма. Але ў кожным выпадку бясспрэчна — калі нехта побач, знікае адчуванне сябе адзіным суб'ектам сярод мноства існасцяў, якія так доўга i пэўна — займаюць сваё месца — у Космасе, Сусвеце, на планеце Зямля, на гэтай геаграфічнай прасторы, з пэўнымі гістарычнымі адзнакамі.

Замкавая гара... Касцёл... Цэрквы... Пагоркі...

Горад увесь на пагорках. Скрутак вуліц, што стройным рэзрухам, ладным бязладдзем колькі ўжо стагоддзяў імчаць уніз з цэнтральнага пляца стромымі зломамі.

Гэты пейзаж пракручваецца ў яе ўяўленні як часткі Святога Ружанца. Sanctum Sanctorum. Святая Святых.