Светлый фон

Гасцінец быў стары, „екацярыненскі” — не такія нікчэмныя былі тыя „пацёмкінскія вёскі” — абсаджаны дрэвамі. Брукаванка. Ісці было зручна — усе спрэс дзеці i падлеткі, з вясны да восені, шыбавалі ў „балетках”, тапках-гумавіках. Ісці было звычна — радыус кіламетраў з дзесяць, а то i дваццаць пераадольвалі больш пехатою. Ці на фурманцы. Машынэрыя прыйшла пазней. I хаця ад вайны было ўжо гадоў сем — дзесяць, аўто лічыліся нармальнай з'явай, але звычайным сродкам перасоўвання не сталі.

Горад нейкі час вабліва захоўваў выгляд старадаўняй гравюры, што набыла колер. Потым паволі набліжаўся — нібыта наязджала на яго кінакамера. I ўрэшце набягаў знаёмымі вулканамі — яны спяшаліся ад цэнтральнага пляца на шляхі: Гародзенская, Слонімская, Менская.

Toe даўняе жыццё ішло пэўным, зададзеным нібыта самой натурай рытмам. Лета доўжылася некалькі месяцаў, не праскоквала гарачым бензінавым пеклам. Былі канікулы: бясконцыя, бесклапотныя. Можна было рабіць усё, што зажадаецца. Сноўдацца бясконца па парку i ваколіцах, чытаць кніжкі, сядзець на ўлюбёнай лаўцы пад касцёлам, хадзіць да касцёла, ляцець сгрымагалоў на Замкавую гару. Стаяць доўга-доўга — у праёме вежы i адчуваць вецер, які ляцеў здалёк i тут увачавідкі даводзіў, што ён — рух паветра. Рух быў заўсёды імклівы, свавольны i нібыта даказваў няўмольна, што жыццё — таксама рух. I яна адчувала тое фізічна, усёй істотай. Нібыта існаванне вось у гэтыя хвіліны набывала свой сутнасны сэнс, а сутнасць кандэнсавалася ў моманце.

Пасля таго бязмежнага лета надыходзіла восень — непаспешліва, спакваля. I шкаленне здавалася разумнай зменай, натуральнай, патрэбнай. Пачыналі выбіраць бульбу, лістота спакойна ўбіралася ў вераснёва-кастрычніцкі цвет, на гарышчы пахла штрыфелем i грабштэйнам, над печчу падвісалі вязкі цыбулі. Ваколле поўнілася злагадай, паспакайнелым сонечным светам. Ставілі другія рамы, мылі аконныя шыбы, варылі журавіны з ігрушамі, сушылі грыбы. Журавы зацягвалі сваю шчымліва-развітальную коду. Ba ўсім было адчуванне законапарадку прыроды. Дзень не драбніўся мітуснёй, поўніўся зменшанай даўжынёй сваёй. Саступаў месца доўгай ночы. А спакойная цеплыня — ліставею. Прымаразкам.

Зіма таксама не абрыналася знянацку, a прыходзіла — чаканая, светлая, снежная. Снег полуднем на гасцінцы заўсёды падтаваў, але горы, пагоркі меліся быць густа заснежанымі, парк стаяў нечапана белы, а клёны, што звісалі насупраць ix дома над студняй i дарогай, набывалі суцэльна казачны выгляд. Каляды i Новы год, а вясной — Вялікдзень надыходзілі пад канец чвэрці, кантрольныя зазвычай ужо адбыліся, адзнакі выстаўленыя, усе рыхтуюцца да святаў: ладзяць яліны, фарбуюць яйкі, пякуць, смажаць, вэндзяць. Рыхтуюць маскарадныя строі. Розрыўка канікул. Бібліятэкі. Кнігі. Санкі. Драмгурток. Вечары...