Светлый фон

– Як гэта ўсё працуе?..

Паступова карцінка набывае выразнасць, і перад гледачом узнікае засяроджаная фізіяномія хлопца ў бейсболцы пясочнага колеру з мядзведзем грызлі і надпісам «California love». У маладога чалавека карыя вочы і даволі прыемныя рысы твару. Як толькі ён разумее, што карцінка наладзілася, адразу ўсміхаецца ў аб’ектыў і ўздымае руку.

– Хэлоў, мяне завуць Макар, са мной мая жонка Кіра.

У кадры з’яўляецца твар сімпатычнай шатэнкі з вялікімі зялёнымі вачыма, і яна прыемным голасам кажа:

– Прывітанне!

Пара добра глядзіцца ў кадры разам, яны нават чымсьці падобныя адно на аднаго.

– З усёй адказнасцю хочам усім вам заявіць, што сёння мы з’язджаем у Амерыку на пастаяннае месца жыхарства. Мы выйгралі Green Card – наша мара нарэшце спраўдзілася.

– «Грынку», дарэчы, выйграла я, – кажа Кіра.

– Так, Кіра выйграла наша новае жыццё з трэцяй спробы, мы ўжо спакавалі рэчы і цяпер вось сядзім на чамадане.

Камера пераходзіць на пакой. Паказваецца невялікае прастакутнае памяшканне з канапай, камп’ютарным сталом і шафай-купэ на ўсю сцяну. Макар факусуецца на шкле шафы, у якім адлюстроўваюцца дзве постаці. Усё так і ёсць: яны сядзяць на адным вялікім чамадане, побач – меншы, ружовы, а ля ног – дзве торбы (так званая ручная паклажа) і заплечнікі.

Макар зноў наводзіць аб’ектыў на сябе.

– У нас адносна нядаўна ўзнікла ідэя зняць усю нашу вялікую вандроўку на камеру. Можа, з часам я выкладу гэтае відэа ў інтэрнэт. Кіра вось наогул змушае мяне стварыць старонку ў ютубе і весці свой канал, тым больш што блогерства цяпер – папулярная рэч. Я набыў фотаапарат «Canon» з паваротным экранам для большай зручнасці, таму не ведаю – усё магчыма, калі толькі на гэта будзе час.

– А што, мы з табой прывабныя, – Кіра папраўляе валасы і, бы перад люстэркам, пачынае панадна грымаснічаць.

Макар усміхаецца.

– Тады, напэўна, зараз нам трэба крыху пра сябе расказаць.

Кіра супакойваецца.

– Што ж, мы з Беларусі, абое нарадзіліся ў Мінску… Вось… Пазнаёміліся недзе пяць гадоў таму.

– Шэсць ужо, – пхнуўшы яго локцем, перабівае Кіра і глядзіць, як муж адрэагуе.

– Выбачай, шэсць гадоў таму. Якраз перад тым, як Кіра выйграла латарэю, я зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца, і мы распісаліся. Сёлета ў нас было вяселле.

Кіра дэманструе на камеру заручальны пярсцёнак, Макар робіць тое самае.