– Вяселле ў нас было толькі для блізкіх і знаёмых, нам не цікавыя ўсе гэтыя цырымоніі. Таму, скажам так, мы распісаліся і адзначылі ўсё гэта толькі дзеля галачкі ў пашпарце, тым самым зэканоміўшы кучу грошай.
– Ну, мы проста не хацелі рабіць так, як цяпер робяць усе: выкідаць шмат грошай, каб сабраць сваякоў, якіх мы бачылі раз ці два ў жыцці, чуць усе гэтыя «горка», есці салаты аліўе, танцаваць пад заезджаныя песні, глядзець тэматычныя конкурсы ці, яшчэ горш, адзначаць вяселле тыпу з сэнсам, на прыродзе, гангста-паці, эка, шмэка…
– Тым больш што грошы цяпер маюць для нас асаблівае значэнне. Наперадзе доўгі шлях праз Атлантычны акіян, пошукі прытулку, працы, адаптацыя… Што яшчэ можна сказаць… Вось, галоўнае! Наконт маршруту. З Мінска мы накіроўваемся ў Маскву.
– На маршрутцы, – смяецца Кіра.
– Ну а што? Потым у аэрапорт «Дамадзедава», праходзім пашпартны кантроль. Думаю, я часткова буду там штосьці здымаць. Далей наш самалёт ляціць у нямецкі горад Франкфурт-на-Майне і адтуль ужо да канчатковага пункта – Лос-Анджэлеса.
– Гэта будзе складана.
– Нас чакае дванаццацігадзінны пералёт плюс чаканне ў міжнародных аэрапортах. Як там усё будзе складвацца, пакуль невядома.
– Раскажы пра Лос-Анджэлес!
– Ага… Пра Лос-Анджэлес… Значыць, так, пасля доўгага роздуму мы вырашылі абраць менавіта гэты горад нашым месцам прапіскі. Наконт выбару ў нас з Кірай была працяглая дыскусія, я штудзіраваў гэтае пытанне, праглядаў у ютубе відэа розных блогераў, выдаткаваў пэўны час на форумы, каб канчаткова вызначыцца. Спярша мы планавалі пераехаць у Нью-Ёрк, гэты горад вялікі і надвор’е ў ім амаль адпавядае нашаму, беларускаму. Там можна абыходзіцца без прыватнага транспарту, таму што калі ў горадзе гіганцкія аўтамабільныя заторы, мець сваю машыну не мае ніякага сэнсу. Аднак Кіру засмучаў той факт, што ў Нью-Ёрку таксама будзе холадна: зіма, слота і шэрае неба.
– Ну сапраўды, надакучыла гэтая непагадзь! Усё ж наша мара спраўдзілася, а для мяне мара – гэта сонейка і пляж, – мнагазначна ўсміхаецца на камеру Кіра.
– Ну, і для твайго здароўя так, прынамсі, карысней. Пасля Нью-Ёрка я спыніўся на Чыкага. Чыкага – сапраўды горад-казка, адносна спакойны, з добрай інфраструктурай, зялёны мегаполіс.
– Хіба не Маямі?
– Маямі быў пасля. У параўнанні з Нью-Ёркам, Чыкага і Лос-Анджэлесам Маямі – самы танны для жыцця. Жыллё там каштуе нашмат менш, што на першых порах для нас вельмі важна. Аднак у Маямі ёсць праблемы з працай. Горад гэты пераважна курортны, год-два там пажыць можна, але потым усё роўна захочацца пераехаць. Таму мы вырашылі паспрабаваць раз і назаўжды абжыцца ў Лос-Анджэлесе. Жыллё там, вядома, даражэйшае, але з пошукам працы будзе значна прасцей.