Светлый фон

– Не трэба мяне здымаць, я з гэтага ракурсу кепска атрымліваюся, – абураецца яна.

– А як жа твая ідэя блога? Пайграй трохі на камеру. Што ты адчуваеш? Якія ў цябе першыя думкі? Мы пакінулі радзіму, цяпер мы ў іншай краіне, на крок бліжэй да мэты.

Кіра ўздымае броўку.

– Хвалююся, вядома. Наперадзе пашпартны кантроль, уся гэтая валтузня з торбамі, праверкі. Цяпер галоўнае – нічога не забыць і паспяхова трапіць у аэрапорт. Потым пералёт, не ведаю… Думаю, выспімся мы толькі ў гатэлі, таму што ўсе гэтыя перасадкі нас добра вымучаць, а мне ўжо ногі баляць ад гэтага дурацкага сядзення.

– Ну, нам не прывыкаць, – кажа за камерай Макар. – Да гэтага мы шмат разам вандравалі па Еўропе, у нас былі пералёты на самалётах. Асабіста для мяне заўжды самай цяжкай праблемай было тое, што мяне ўвесь час пучыла.

– Таму што не трэба піць і есці ўсялякае паскудства…

– Так, гэтым разам мы вырашылі піць толькі звычайную ваду, ніякіх газаў, чыпсаў і спіртнога. Усё па-сур’ёзнаму, цяпер ад нас патрабуецца максімальнае валоданне сітуацыяй.

– Перакусім толькі перад адлётам.

– Паспрабуем рускага піва?

– Ну, калі будзе час…

Кіра глядзіць наперад.

– Можа, хочаш перасесці да акна, а я выцягну ногі ў праход? – пытае Макар.

– Давай.

Пакуль яны робяць ракіроўку, Макар наводзіць камеру на акно. Хуткасць не змянілася. Бачная зялёная палоска кювета і невыразныя абрысы простага прыроднага ландшафту.

– Дарэчы, пасля мяжы адразу кідаецца ў вочы неахайнасць мясцовага краявіду. У нас у Беларусі ўсё больш акуратнае, падстрыжанае. Шаша пакуль яшчэ прымальная, у Расіі дарогі, мякка кажучы, так сабе, але паглядзім. Дзякуй усім за прагляд.

У аб’ектыве з’яўляецца асветлены агнямі вялікі будынак аэрапорта «Дамадзедава». На вуліцы ноч, але дзякуючы падсветцы ўсё добра бачна. Чуваць голас Макара за кадрам:

– Мы на месцы. На гадзінніку поўнач, нас толькі што высадзілі з маршруткі «Мінск – Масква», мы выгрузілі свае рэчы і зараз пойдзем на пашпартны кантроль. Вылятаем у тры гадзіны ночы. Відэа кароткае, таму калі ўсё пройдзем, абавязкова раскажам, як яно было.

– Так, давай, пайшлі ўжо, – даносіцца нервовы голас Кіры, і здымкі абрываюцца.

Камера выхоплівае сувенірны кіёск. Праз шкло вітрыны бачныя матрошкі, а таксама значкі, плакаты, майкі і календары з выявай Уладзіміра Пуціна. Над кіёскам надпіс: «Patriot box».

– Мы ў Расіі, чаму б і не… – у голасе Макара гучыць сарказм. – Памятаю, калі мы колькі гадоў таму былі ў Піцеры, там якраз панавала ўся гэтая патрыятычная эйфарыя наконт анексіі Крыма. Дык вось, кожны пераход у метро быў проста засыпаны такімі цацкамі, і асабіста ў мяне гэта выклікала толькі агіду. Як бачна, нічога не змянілася, а маразм мацнее…