— Андрэйка… — Надзя паглядзела яму ў вочы, дакорліва паківала галавой. — Такая спякота на дварэ!.. Адразу разморыць…
— Хіба многа прашу? Чарку, для апетыту.
Яна пачула ў яго голасе ўпартасць, якая заўсёды перашкаджала іх згодзе, але не траціла надзеі пераканаць яго і сказала ўмольна:
— Ды і за рулём жа ты… Навошта яна табе?
Андрэй устаў, выцер ручніком рот, узяў з вешалкі кепку. Надзя падышла да яго блізка-блізка:
— Перастань выпіваць, Андрэйка, прашу цябе, заклінаю.
— Што ты хочаш ад мяне, што? — Андрэй ледзь стрымліваў сябе, каб не закрычаць. — Хіба я заработак прапіваю? Калі і прагрэю нутро — дык жа з левых паваротаў.
— Прывык ты піць. I павароты… Яны да дабра не давядуць.
Адступіўшы ад яе на крок, ён выпрастаў спіну, зыбнуўся на насках.
— А гэта, чуй, не твой клопат, — агрызнуўся злосна.
Твар Надзін журботна пацямнеў, на шчоках пад вачамі злёгку выступілі зямліста-шэрыя плямы.
— Чаму не мой? Хіба я не жонка табе?
— Жонка мужу не ўказчык. Андрэй Сенажэнскі не прывычны, каб ім хто камандаваў. Зразумела? Дык от запамятай. — Ён трасянуў галавой, і з цёмных вачэй быццам пасыпаліся дробныя гарачыя іскрынкі.
Надзі стала цяжка гаварыць. Яна памаўчала, часта дыхаючы, потым ціха, але як мага цвёрда запярэчыла:
— Там дзе трэба — і жонка ўказчык. Хіба яна вораг мужу?
Андрэй дастаў цыгарэту, прыкурыў. Выпусціў праз нос доўгі струмень дыму і адразу зноў зацягнуўся.
— Ну, чаго змоўкла — язык заклініла? Гавары, выкладвай сваю праграму, я паслухаю.
— Скажу, Андрэйка, маўчаць не буду. Хопіць, намаўчалася.
— Ціка-ава! — Шырокія чорныя бровы папаўзлі ўгору. — Зажралася, на ўсім гатовым седзячы? На мазгі мне капала, а сама тым часам зубы вастрыла? Дык што ты зробіш? Цікава?..
— Не адумаешся — добрым людзям паскарджуся.