Светлый фон

Глыбока ўздыхнуўшы, набраў поўныя грудзі паветра, усхапіўся з прыступкі. Амаль не чуючы свайго цела, ускочыў у кузаў, стаў побач з Марынай.

— Бачыш — на чацвёртай хуткасці газуе, — кінуў ёй, кіўком галавы паказаўшы на хмару. — А прыгожая якая — акурат ты. — I раптам звычна, прытворна весела гукнуў: — Падыходзь, загружайся!

Пачаў падаваць з машыны цэглу. Да яго, таксама як і да Марыны, ланцужком выстраіліся хлопцы і дзяўчаты. Цагліны шпарка пераходзілі з рук у рукі.

Хмара насоўвалася, шугануў вецер. Лёгкая, сіняя ў гарошынку Марыніна сукенка запаласкалася, як ветразь, і прыліпла да каленяў. Андрэй на момант затрымаў на ёй позірк. У галаве прамільгнула: ці гэта ўжо дажджынкі ўпалі на плацце? Адвёў вочы, усміхнуўся. Як бы імкнучыся кпінам адагнаць у сабе штосьці непажаданае, зноў паддзеў Марыну:

— Што захакалася? 3 цэглай справу мець — гэта не ў канторы на лічыльніках ляпаць!

Доўгія цёмныя бровы яе прыўзняліся, выгнуліся паўдужжам. Зеленаватыя вочы глянулі з папрокам.

У тую мінуту, калі з кузава пайшлі па ланцужках апошнія цагліны, рэдкія буйныя кроплі дажджу ўпалі Андрэю на твар, забарабанілі па кабіне. Марына разагнула спіну. Расчырванелы твар яе пыхаў гарачынёй. Яна зірнула на Андрэя пільна і насцярожана:

— Можа, сёння з’ездзім, Андрэйка? Абяцаў жа.

Ён саскочыў на дол, падаў руку Марыне. Сціскаючы яго дужыя пальцы, яна гупнула побач. Андрэй адчуў, як яе тугое плячо кранулася яго бока. I ў той міг — трэба ж во так! — яму раптам зноў прыгадалася Надзя. Не проста прыгадалася — уявілася, як бы стала поруч з Марынаю. Ён скалануўся ў нейкім утрапёным неўразуменні: чаму поруч? Апусціў галаву, пачаў зачыняць задні борт кузава. Прамармытаў разгублена:

— Ці ж не бачыш? Дождж зараз дзеране.

— Дык пасля дажджу, Андрэйка. — Марына глядзела на яго пранікліва, з крыўдлівай няверлівасцю.

Маланка секанула сіняватай шабляю неба, і яно як раскалолася: аглушальна ўдарыў пярун. Хлынуў лівень. Людзі кінуліся пад павець, дзе пасярэдзіне ляжалі штабелем папяровыя мяшкі з цэментам. Ціснуліся да штабеля, узбуджана, гучна перакідваліся жартамі, смяяліся. Тыя, што вельмі баяліся, каб не намачыла, узлазілі на мяшкі. А дзяўчаты і хлопцы, дурэючы, пачалі штурхаць адзін аднаго пад дождж. Вішчалі, малацілі кулакамі па спінах, вырываліся з учэпістых рук.

Андрэй пазіраў на лагчыну, дзе нядаўна тужліва кігікаў кулік. Яна была заліта вадой. «А дзе ж той гарэтнік схаваўся ад дажджу? — пашкадаваў ён птушку. — Прыляцеў бы пад павець — не пакрыўдзілі б». Падумаўшы так, больш пільна пачаў аглядаць луг, як бы і сапраўды спадзяваўся пабачыць таго птаха.