Ад гэтага занятку адарваў яго зычны, басавіты голас, які даляцеў да слыху праз гаману і рогат: «Жанацік наш нешта зажурыўся, як сірата. Дапякла, мусіць, Надзька, гы-гы-гы…» Крута павярнуўшыся, Андрэй прыжмурыў вочы, хацеў сказаць нахабнаму зубаскалу што-небудзь такое, ад чаго б таму адразу дух зарвала. Аднак стрымаўся: паганым словам не адбаронішся. Разам з тым ён падумаў: «Як згаварыліся сёння — то Марына ўсё падкалупвала, цяпер яшчэ нейкая зануда вякае». На гэтым і зацяло яму.
Тым часам закарцела азірнуцца. Андрэй памкнуўся павярнуць галаву, ды раптоўная збянтэжанасць — не трэба, што ты ёй скажаш! — утрымала яго. Адчуваў: за спіной стаіць Марына. Яе прысутнасць хвалявала і трывожыла. Здавалася, што яна нешта гаварыла яму бяздоннымі вачамі: дакарала і клікала, нешта дакляравала.
Гром завуркатаў цішэй, мякка перакатваючыся. Дождж ушчукаў. Кроплі сталі драбнейшыя, падалі радзей. Вялізная хмара паплыла пад небасхіл.
Андрэй выйшаў з-пад павеці. Ступіў два-тры крокі, спыніўся. Адчуваючы, як у нервовым неспакоі, што несціхана трывожыў душу, рабіўся злосны, ён, не без намагання стрымліваючы гэтую злосць, павярнуўся, зычна гукнуў:
— Ану, грузіся! Жыва, бо пехатою будзеце шпарыць!
Паддаючы азарту, стрымгалоў кінуўся да аўтамашыны. Людзі, гучна шлёпаючы нагамі па вадзе, рынуліся следам. «Хто ж там першы?» — мільганула ў Андрэя ў галаве. Яму хацелася, каб Марына падаспела раней за іншых і села побач. Ён плюхнуўся на сядзенне, таропка ўзяўся за ручку дзверцаў з другога боку кабіны, каб адразу адчыніць іх перад ёю.
Па кабіне заляпалі далонямі: рушай! «Дык гэта яны паселі ўжо?» Андрэй адхапіў пальцы ад ручкі, быццам яму запякло. Раз’ятрана ціскануў нагою на старцёр, крактануў нечага, акурат спахапіўся, што дарэмна чакаў, — на д’ябла яна здалася яму! Рыўком уключыў хуткасць, адпусціў педаль счаплення. Грузавік загуў, ірвануў з месца і шалёна памчаў па гразкай дарозе. Тыя, што былі ў кузаве, захоплена, як на гонках, гікалі, падахвочвалі: хутчэй, хутчэй!..
Шпаркая, адчайная язда як бы наталяла нейкую горкую прагу, і паступова ўсё, што Андрэй увесь час думаў, адчуваў, станавілася для яго ўжо не такім трывожным і значным. Толькі хацелася ехаць і ехаць…
Гэта было пад вечар. А позна апоўначы ён прыйшоў дадому п’яны.
II
IIУ нядзелю з раніцы Дзмітрый быў на афіцэрскіх занятках па стральбе з пісталета. Страляў не лепш і не горш за іншых. Нядрэнна страляў. А хацелася яму, каб яго, як падпалкоўніка Баршчоўскага, прызналі снайперам. Дужа хацелася. Падпалкоўнік, праўда, не стаў абсалютным чэмпіёнам райаддзела ўнутраных спраў, ён падзяліў першае месца з маёрам Івашчанкам, але Дзмітрый зайздросціў яму больш, чым маёру. I была ў той зайздрасці нейкая нядобрая задзірынка, нешта як бы ад злосці. Спярша Дзмітрый непаразумела прыслухоўваўся да гэтага пачуцця, потым здзівіўся: адкуль яно? Няўжо так адклалася ў ім тая ўчарашняя недарэчная спрэчка? Дык то ж глупства, дробязь, не вартая ўвагі.