Артур Конан Дойл Прыгоды Шэрлака Холмса
Артур Конан Дойл
Прыгоды Шэрлака Холмса
© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў, 2014 © Маціеўская К., прадм., 2014 © Арцёмаў А., Казлова А., Маціеўская К., Пятровіч А., Янкута Г., пераклад, 2014 © ПУП «Кнігазбор», 2014 © Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў, 2014
© Маціеўская К., прадм., 2014
© Арцёмаў А., Казлова А., Маціеўская К., Пятровіч А., Янкута Г., пераклад, 2014
© ПУП «Кнігазбор», 2014
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Працяг непазбежны
Працяг непазбежны
Агульнавядома, што Шэрлак Холмс (каля 1854 – пасля 1923) свайму стваральніку надакучыў даволі хутка: напісаўшы два дзясяткі апавяданняў і дзве аповесці, Артур Конан Дойл вырашыў, што час заняцца сур’ёзнымі раманамі, зрабіцца другім Вальтэрам Скотам, а дрындушку, якая немаведама з чаго займела шалёную папулярнасць, прыгожа патапіць, напрыклад, у вадаспадзе на фоне швейцарскіх пейзажаў. Але было запозна: нешта не заладзілася ў Холмса з занадта чалавечай смяротнасцю, і ён выплыў, каб расследаваць яшчэ каля сарака справаў (гэта, безумоўна, толькі апісаных ягоным «асабістым Босуэлам»), сысці на спачынак гадаваць пчолаў, паставіць рэкорды па экранізацыях твораў пра сябе і ўвогуле зажыць спакойным і няспешным жыццём звычайнага міфа.
Можна, канечне, скінуць віну на ангельскую каралеву, якая, кажуць, за Холмса вельмі хвалявалася, намякала, што здагадваецца пра «хітры ход аўтара», і – хто ведае – можа, нават пагражала рыцарскім званнем. Але як бы там ні было, варта прасякнуцца ўдзячнасцю да будучага сэра Артура: тое, што місія па забойстве нахабы невыканальная і ніякай «апошняй справы Холмса» ўжо ніколі не будзе, ён зразумеў з першага разу.
Міфы цалкам натуральна пачуваюцца, існуючы ў безлічы версіяў, і Холмс не адстае. Знакамітыя словы пра гарышча мозгу, на якім варта захоўваць толькі неабходнае, а таму не ведае ён, Холмс, што Зямля круціцца вакол сонца, абвяргаюцца яшчэ да канца аповесці, у якой прагучалі: раптам аказваецца, што тыпус з нулявымі, паводле рэестру доктара Ўотсана, ведамі ў літаратуры і філасофіі разумее лацінскія выразы без перакладу, вольна цытуе Шэкспіра, Гётэ, Флабэра (побач з «Я раманаў не чытаю»), ды і Хафіза з Гарацыем не забывае. Меркаванне пра неабходнасць ведаў па ўсіх астатніх астраноміях Холмс мяняе як Галілей – пра цэнтр Сусвету, толькі добраахвотна. Да таго ж гэты «здольны выканаўца і кампазітар немалога таленту» («Саюз рудых») аднойчы расчысціў гарышча мозгу аж для «старажытнай корнскай мовы» («Д’яблава нага»), але ці ж нам ведаць, што можа спатрэбіцца дэтэктыву ў расследаванні заблытаных і таямнічых злачынстваў? Слухаем Холмса: «Злачынствы здараюцца часта. Логіка сустракаецца рэдка» («Лясныя Букі»), – і спакойна чытаем далей: так і задумана.