На цыдулцы не было ні даты, ні подпісу, ні адрасу.
«Сёння вечарам, без чвэрці восем, – гаварылася ў ёй, – вас наведае джэнтльмен, якому неабходна кансультацыю па адной вельмі сур’ёзнай справе атрымаць. Паслуга, якую вы нядаўна зрабілі аднаму з уладных дамоў Еўропы, даводзіць, што вы акурат той чалавек, якому можна спакойна даверыць справу, чыю важнасць нельга пераацаніць. Такі водгук пра вас мы з розных бакоў атрымалі. Будзьце ў гэты час дома і не зразумейце няправільна, калі ваш госць будзе ў масцы».
– Гучыць і праўда вельмі загадкава, – заўважыў я. – Як вы думаеце, што ўсё гэта значыць?
– Пакуль у мяне няма інфармацыі. А тэарэтызаваць, нічога не ведаючы, – вялікая памылка. У такім выпадку пачынаеш незаўважна падганяць факты пад тэорыю, замест таго каб падганяць тэорыю пад факты. Але вернемся да цыдулкі. Якія высновы вы можаце зрабіць?
Я ўважліва агледзеў сам ліст і паперу, на якой ён быў напісаны.
– Аўтар паслання, імаверна, досыць заможны, – адзначыў я, спрабуючы пераняць прыёмы майго сябра. – Такая папера каштуе не танней чым паўкроны за пачак. Яна надзвычай шчыльная і моцная.
– Надзвычай – гэта вы правільна сказалі, – пагадзіўся Холмс. – Гэта ўвогуле не ангельская папера. Паглядзіце на яе супраць святла.
Я так і зрабіў і ўбачыў на паперы вялікую літару «Е» і маленькую «g», а далей – вялікія «Р» і «G» і маленькую «t», уплеценыя ў фактуру паперы.
– Якую выснову вы можаце зрабіць? – спытаў Холмс.
– Гэта, несумненна, імя вытворцы, а дакладней, яго манаграма.
– Вы памыляецеся. Вялікая «G» і маленькая «t» – гэта скарачэнне ад «Gesellschaft», што перакладаецца з нямецкай як «кампанія». Гэта звычайнае скарачэнне, якое адпавядае нашаму «К°». «Р», безумоўна, абазначае «Papier», то бок «папера». Цяпер «Eg». Давайце зірнем у наш «Геаграфічны даведнік Еўропы», – ён зняў з паліцы цяжкі карычневы фаліянт. – Элгаў, Элганіц*… А вось і тое, што трэба: Эгер*. Гэта ў нямецкамоўным раёне, Багеміі, непадалёк ад Карлавых Вараў. «Вядомы як месца смерці Валенштайна*, а таксама дзякуючы шматлікім гутам і папяровым фабрыкам». Ха-ха, мой хлопча, якія высновы можаце вы зрабіць? – яго вочы заблішчэлі, і ён пераможна выпусціў з цыгарэты вялікае блакітнае воблака.