Апошнім часам я рэдка бачыўся з Холмсам. Маё вяселле раскінула нас у розныя бакі. Усю маю ўвагу забрала бясхмарнае шчасце і прыемныя хатнія клопаты, якія з’яўляюцца ў чалавека, што першы раз у жыцці робіцца гаспадаром свайго сямейнага агменю. Холмс жа, чыя цыганская душа пазбягала любога таварыства, застаўся ў нашых пакоях на Бэйкер-стрыт, занураны ў свае старыя кнігі, і з тыдня ў тыдзень кідаўся ад какаіну да бурнай дзейнасці, чаргуючы наркатычную дрымоту і ўласцівую яго натуры шалёную актыўнасць. Як і раней, ён быў глыбока захоплены расследаваннем злачынстваў і скіроўваў свае цудоўныя здольнасці і неверагодную назіральнасць на раскрыццё справаў і разгадку таямніцаў, ад якіх афіцыйная паліцыя адмаўлялася як ад безнадзейных. Час ад часу да мяне даляталі цьмяныя чуткі пра яго здзяйсненні: пра паездку ў Адэсу з нагоды забойства Трэпава, расследаванне загадкавай смерці братоў Аткінсанаў у Трынкамалі* і ўрэшце пра вельмі далікатныя і паспяховыя росшукі, праведзеныя на просьбу галандскай уладнай сям’і. Аднак апроч гэтых урыўкавых сведчанняў пра яго дзейнасць, якія я атрымліваў разам з іншымі чытачамі з газет, пра былога сябра і кампаньёна я ведаў мала.
Аднаго вечару, дзесьці ў трэцяй дэкадзе сакавіка 1888 году, я вяртаўся ад пацыента (бо цяпер зноў меў прыватную практыку), і дарога мая ляжала праз Бэйкер-стрыт. Мінаючы незабыўныя дзверы, назаўсёды звязаныя ў маім сэрцы з перыядам жаніхоўства і са змрочнымі падзеямі, апісанымі ў «Эцюдзе ў пунсовым», я адчуў вострае жаданне зноў убачыць Холмса і даведацца, чым цяпер заняты гэты выбітны розум. У пакоі гарэла яркае святло, і калі я зазірнуў у акно, то ўбачыў яго высокую хударлявую фігуру, якая цёмным сілуэтам двойчы прамільгнула за гардзінамі. Апусціўшы галаву і склаўшы рукі за спінаю, ён узбуджана і імкліва мераў крокамі пакой. Я ведаў усе яго настроі і звычкі, а таму карціна гэтая шмат пра што мне сказала. Ён зноў узяўся за працу. Ён строс з сябе наркатычныя мроі і ішоў свежымі слядамі нейкай новай загадкі. Я пазваніў, і мяне праводзілі да пакоя, які калісьці часткова належаў і мне.
Ён сустрэў мяне без бурных эмоцыяў – для яго яны былі рэдкасцю. Тым не менш я думаю, што ён быў рады мяне бачыць. Амаль нічога не кажучы, ён сардэчна запрасіў мяне сесці, падсунуў бліжэй каробку з цыгарамі і паказаў на вінную шафку і газаген* у куце. Потым стаў ля каміна і пачаў уважліва вывучаць мяне сваім незвычайным пранізлівым поглядам.
– Сямейнае жыццё пайшло вам на карысць, – зазначыў ён. – Думаю, Ўотсан, што з моманту нашае апошняе сустрэчы вы паправіліся на сем з паловай фунтаў.