Але дзень, які пачаўся так палымяна-ўрачыста, увесь быў дзіўна прыўзнятым і міфічным чынам пераўтвораным. Адкуль з’явіўся і што нарадзіла гэты подых, які раптам так пяшчотна і значна, падобна да нашэптвання зверху, гулліва ахінаў яго скроні і вушы? Белыя пёрыстыя воблачкі раскіданымі купкамі замёрлі на небе, быццам статкі багоў на пашы. Вецер узмацніўся, і коні Пасейдона[81] пабеглі, становячыся на дыбкі, а магчыма, і быкі, якія, падпарадкоўваючыся блакітнавалосаму і равучы, беглі з апушчанымі для бою рагамі. Паміж накатаў падводных камянёў аддаленага ўзбярэжжа хвалі падскоквалі, як бадзёрыя козачкі. Свет, зменены свяшчэннаю рукою, напоўнены панічным жыццём, узяў заварожанага ў свой палон, і яго сэрцу трызніліся пяшчотныя байкі. Часам, калі за Венецыяй заходзіла сонца, ён сядзеў на лаўцы ў парку, каб назіраць за Тадзем, які, у белым адзенні з каляровым паяском, бавіўся гульнёю з мячыкам на галечнай пляцоўцы, і Ашэнбаху здавалася, што ён бачыць Гіяцынта, а той павінен быў памерці, бо яго любілі два багі. Напраўду, ён адчуваў балючую зайздрасць Зефіра да суперніка, які забыўся пра аракула, пра лук і пра цытру, каб гуляць толькі з прыгажуном; ён бачыў дыск, кінуты з жудаснаю рэўнасцю і накіраваны ва ўлюбёную галаву; ён адчуваў, а сам палатнеў, цела, якое падала; а кветка, што прарасла з салодкай крыві, несла на сабе надпіс з ягонымі бясконцымі нараканнямі…
Няма нічога больш дзіўнага, далікатнага, чым стасункі людзей, якія знаёмыя толькі позіркамі, – якія штодня, нават штогадзіны, сустракаюцца, назіраюць адзін за адным і пры гэтым, не вітаючыся і не прамаўляючы аніводнага слова, робяць выгляд абыякавай адчужанасці, бо гэтага патрабуюць маральныя правілы ці ўласныя "замарокі". Паміж імі ўсталёўваецца трывога і назойлівая цікаўнасць, істэрыя незадаволенай, ненатуральна прыгнечанай патрэбы пазнавання і кантакту, і яшчэ – што важна – сваеасаблівая напружаная павага. Бо чалавек любіць і паважае чалавека датуль, пакуль не здольны даць яму ацэнку, а тужлівае пачуццё – прадукт недастатковага пазнання.
Нейкія стасункі і знаёмства абавязкова павінны былі ўсталявацца паміж Ашэнбахам і юным Тадзем, і з пранізліваю радасцю старэйшы здолеў выявіць, што прыязнасць і ўвага не засталіся цалкам без узаемнасці. Што, напрыклад, падштурхнула прыгажуна больш ніколі не карыстацца, з’яўляючыся раніцою на пляжы, дашчанаю кладкаю за хацінамі, а паволі праходзіць толькі франтальнаю сцежкаю, па пяску, паўз жытло Ашэнбаха і часам без патрэбы вельмі блізка ад яго, каля яго стала, амаль кранаючы яго крэсла, каб накіравацца да жытла сваіх сямейнікаў? Няўжо гэтак на яго пяшчотны і бяздумны аб’ект уздзейнічала прыцягненне, прывабнасць пераважнага пачуцця? Ашэнбах кожны дзень чакаў з’яўлення Тадзі, часам ён рабіў выгляд, што заняты, калі гэта здзяйснялася, і, быццам не заўважаючы, спакойна даваў яму прайсці міма. Але часам ён ускідваў вочы на Тадзю, і іх позіркі сустракаліся. У такіх выпадках абодва былі вельмі сур’ёзнымі. У дасведчаным і пачцівым выразе твару старэйшага нічога не выдавала ўнутранага хвалявання; у вачах жа Тадзі выяўлялася цікаўнасць, задумлівае пытанне; яго хада запавольвалася; ён апускаў вочы долу, потым пяшчотна зноў пазіраў угару; а калі ён ужо мінаў Ашэнбаха, то, здавалася, што яго пастава нешта гаворыць, што толькі выхаванне перашкаджае яму азірнуцца.