Апошнім часам ён ужо не задавальняўся суседствам і назіраннем за прыгажуном, дзякуючы распарадку дня ці шчасліваму выпадку; ён яго пераследаваў, ён падпільноўваў яго. У нядзелю, напрыклад, палякі на пляжы звычайна ніколі не з’яўляліся; ён здагадаўся, што яны наведвалі абедню ў саборы Святога Марка; ён спяшаўся туды, і, заходзячы з пякельнай спёкі плошчы ў залацісты паўзмрок святога месца, знаходзіў таго, каго шукаў – схіленага падчас набажэнства над лаўкаю з пюпітрам. А сам ён заставаўся стаяць на заднім плане, на патрэсканай мазаічнай падлозе, сярод тых, што ўкленчылі, мармыталі, хрысціліся, і шыкоўная раскоша ўсходніх дываноў вялізным цяжарам заціскала яго пачуцці. Наперадзе сюды-туды хадзіў, маніпуляваў і спяваў убраны ў цяжкую сутану святар, тым’ян уздымаўся ўгару, ахутваў слабыя язычкі полымя свечак на алтары, і да задушліва-саладжавага тым’яну, здавалася, слаба дамешвалася яшчэ штосьці: пах хворага горада. Але скрозь смугу і мігценне Ашэнбах бачыў, як прыгажун наперадзе паварочваў галаву, шукаў і заўважаў яго.
Калі ж натоўп паплыў цераз адчыненыя дзверы на залітую сонцам плошчу, запоўненую рухавымі купкамі галубоў, Ашэнбах, захмелены сваім пачуццём, схаваўся ў прыдзвернай прасторы сабора; ён прыхаваўся, сеў у засаду. Ён бачыў, як палякі выходзяць з храма, бачыў, як дзеці з адпаведным цырыманіялам развітваліся з маці, і як яна, вяртаючыся дадому, павярнула на плошчу; ён пераканаўся, што прыгажун, манашкі-сёстры і гувернантка пайшлі направа, цераз браму вежы з гадзіннікам, у краму "Галантарэя", і, пачакаўшы крыху, ён рушыў следам за імі, прытоена пайшоў, суправаджаючы іх у шпацыры па Венецыі. Ён мусіў прыпыняцца, калі яны бавіліся дзе-небудзь, мусіў забягаць у шынкі і двары, каб незаўважна прапусціць іх, калі яны паварочвалі назад; ён губляў іх, разгарачаны і зняможаны, шукаў іх на мастах і ў брудных завулках ды перажываў хвіліны смяротнага жаху, калі раптам заўважаў, што яны ідуць яму насустрач цераз вузкі пасаж, дзе схавацца не было як. Аднак нельга сказаць, што ён пакутаваў. Розум і душа ў яго захмялелі, а хада кіравалася ўказаннямі дэмана, які адчувае задавальненне, калі яму ўдаецца растаптаць кінутыя яму пад ногі розум і годнасць чалавека.
Потым у нейкім месцы Тадзя і ўсе астатнія ўзялі гандолу, а Ашэнбах, пакуль яны ўладкоўваліся, хаваўся за нейкаю прыбудоваю, фантанам, а як толькі яны адплылі ад берага, накіраваўся такім самым чынам за імі. Ён размаўляў паспешліва-прыцішана, калі, паабяцаўшы добрую плату, загадваў весляру кіравацца незаўважна на пэўнай адлегласці за тою гандолаю, якая толькі што павярнула; і яго кінула ў пот, калі вясляр з жульніцкай пакораю звадыяша такім самым тонам запэўніў яго, што ён абслужыць яго, абслужыць як мае быць.