"Запозна! – думае ён у гэты момант. – Запозна!" Але… няўжо было запозна? Гэты крок, які ён не зрабіў, магчыма, прывёў бы да нечага добрага, лёгкага і радаснага, да гаючага працверажэння. Але рэч, мусіць, палягала ў тым, што чалавек, які старэў, не хацеў працверажэння, што ап’яненне было яму занадта дарагім. Хто разгадае сутнасць і ўласцівасці мастакоўскасці? Хто разумее глыбокую інстынктыўную злітнасць выхаванасці і неўтаймаванасці, на чым яна грунтуецца! Бо заставацца не здольным хацець гаючага працверажэння – гэта неўтаймаванасць. Ашэнбах больш не гатовы быў да самакрытычнасці; густ, духоўная канстытуцыя яго гадоў, самапавага, даросласць і позняя прастадушнасць рабілі яго не схільным раскладаць на палічкі стымулы і вырашаць, чаму ён не здзейсніў сваіх намераў: кіруючыся сумленнем або з нікчэмнасці і слабасці. Ён заблытаўся, ён баяўся, што нехта, няхай сабе нават толькі вартаўнік пляжа, магчыма, назіраў, як ён ішоў, і зразумеў ягоную паразу; ён вельмі моцна баяўся, што выглядаў смешна. А ўвогуле, ён сам сабе жартаваў адносна свайго камічна-свяшчэннага страху. "Разгублены, – думаў ён, – разгублены, як той певень, які ў бойцы баязліва звесіў крылы. Сапраўды, Бог, гледзячы на штосьці вартае любові, такім чынам пазбаўляе нас мужнасці і моцна прыгнятае да зямлі розум…" Ён гуляў, марыў і быў занадта ганарлівым, каб баяцца пачуцця.
Ён больш не кантраляваў хаду свайго адпачынку, які сам сабе дазволіў; думка пра вяртанне дадому больш не хвалявала яго. Ён перавёў сабе дастаткова грошай. Яго трывожыла толькі магчымасць ад’езду польскай сям’і; аднак нейкім чынам ад гатэльнага цырульніка ён даведаўся, што гэтае панства з’явілася тут незадоўга да яго прыезду. Ад сонца яго твар і рукі парудзелі, узбуджальны салёны вецер узмацніў пачуцці, і гэтаксама, як ён раней быў звыклы любую асалоду ад сну, яды ці прыроды адразу ж ахвяраваць на карысць працы, так і цяпер усё, што кожны дзень яму даравалі сонца, вольны час і марское паветра, ён велікадушна і безгаспадарча ператвараў у ап’яненне і пачуццёвасць.
Яго сон быў нетрывалы; цудоўна аднастайныя дні размяжоўваліся кароткімі начамі шчаслівай трывогі. Што праўда, ён вяртаўся ў свой пакой рана, бо а дзявятай гадзіне, калі Тадзя ўжо знікаў з ягонага поля зроку, дзень для яго здаваўся закончаным. Але ўжо на раннім досвітку яго будзіў пяшчотна пранізлівы страх, яго сэрца ўзгадвала прыгоду, яму ўжо не ляжалася на пярынах, ён уставаў і, захутаўшыся ў што-небудзь лёгкае, ратуючыся ад ранішніх дрыжыкаў, сядаў да акна, чакаючы ўсходу сонца. Чароўная падзея напаўняла яго сонную душу свяшчэнным спакоем. Неба, зямля і мора яшчэ адпачывалі ў прывідным глянцава-бледным паўзмроку; яшчэ ў бяздонні плавала зорка, якая павольна згасала. Але з’яўляўся подых, акрыленая вестка з непрыступнага жытла пра тое, што Эас устае з абдымкаў мужа, і адбылося тое першае, салодкае пачырваненне самых аддаленых краёў неба і мора, праз якое выяўляецца пачатковая пачуццёвасць тварэння. Багіня набліжалася, спакусніца нявінных юнакоў, якая ўкрала Кліта, Кефала[80] і, насуперак зайздрасці ўсіх алімпійцаў, мела ўцеху ад кахання маладога Арыёна. Там, на краі свету, пачалося рассыпанне руж, невыказнае свячэнне і цвіценне; дзіцячыя воблакі, праясненыя, прасвечаныя наскрозь, луналі, падобныя да Амураў-прыслужнікаў, у ружовых, у блакітных духмяных павевах; пурпур ніспадаў на мора, якое, здавалася, хвалюючыся, несла яго наперад; залатыя пікі імкнуліся знізу ў неба; бляск ператвараўся ў пажар; бязгучна, з боскаю звышсілаю жар, агонь і гарачыя языкі полымя хвалямі ўздымаліся ўгору, і братавы коні каванымі падковамі ўзнялі свяшчэнных коннікаў над зямлёю. У святле боскай раскошы ён, самотны, сядзеў без сну; заплюшчыўшы вочы, ён падстаўляў свае павекі славе для пацалункаў. Колішнія пачуцці, раннія, салодкія пакуты сэрца, якія былі загінулі ўжо ў суровай службе яго жыцця і цяпер, дзіўна змененыя, зноў вярталіся, – ён пазнаваў іх з разгубленаю, здзіўленаю ўсмешкаю. Ён быў у глыбокім роздуме, ён мроіў, яго вусны паволі складваліся для вымаўлення імя; усё яшчэ з усмешкаю, з паднятым угару тварам, счапіўшы рукі на каленях, ён яшчэ раз задрамаў у сваім крэсле.