Госць, якога тут затрымала шчаслівае непаразуменне, быў далёка ад таго, каб атрыманне сваёй маёмасці палічыць прычынаю новага ад’езду. На працягу двух дзён ён мусіў трываць пэўныя нязручнасці і з’яўляцца ў вялікай сталоўцы ў паходным адзенні. Потым, калі нарэшце бадзяжны багаж зноў прызямліўся ў яго пакоі, ён грунтоўна распакаваў яго і напоўніў шафу ды шуфляды сваім скарбам, прыняўшы цвёрдае рашэнне застацца тут на няпэўны час, задаволены, што можа праводзіць гадзіны, адведзеныя для пляжа, у шоўкавым касцюме, а каб пад’есці за сваім столікам, зноў паказвацца пераапранутым у шыкоўнае вечаровае адзенне.
Прыемная размеранасць такога існавання ўжо ўзяла яго ў свой палон; лагодная і бліскучая прыемнасць такога жыцця хутка зачаравала яго. Сапраўды, як жа цудоўна можна прабавіць той час, што спалучае ў сабе прывабнасці цудоўна арганізаванага куротнага жыцця на паўднёвым узбярэжжы з прыемнаю блізкасцю чароўна-дзіўнага горада! Ашэнбах не любіў уцех. Калі б і дзе б яму ні даводзілася святкаваць, адпачываць, праводзіць дні ў прыемнасці, неўзабаве ён адчуваў патрэбу – і менавіта ў маладыя гады гэта мела месца – з трывогаю і незадавальненнем вярнуцца назад у цяжкія намаганні, да свяшчэнна-цвярозай працы на карысць штодзённасці. Але гэтае месца зачаравала яго, палагодзіла памкненні, ашчаслівіла. Часам зранку, заглыбіўшыся пад брызентавым дахам сваёй кабінкі ў мары пра блакіт паўднёвага мора, ці нават у цёмную ноч, абапёршыся на падушкі гандолы, якая везла яго дадому з плошчы Святога Марка, дзе ён звычайна бавіць шмат часу, а шматколерныя ліхтары, расплывістыя гукі серэнады засталіся недзе ззаду, – ён часта згадваў пра свой дамок у гарах, месца яго летніх змаганняў, дзе воблакі праплывалі нізка над самым садам, вечарамі жудасныя навальніцы зацьмявалі святло дома, а вароны, якіх ён карміў, пакалыхваліся ў вершалінах хвой. Тады яму выразна ўяўлялася, быццам ён трапіў у райскі куток, на край зямлі, дзе людзям наканавана салодкае жыццё, дзе няма ні снегу, ні вады, ні навальніцы, ні залеў, а ёсць толькі лагодны свежы подых акіяна, пры гэтым дні праходзяць у мірна-бестурботным спакоі, без намаганняў, барацьбы, прысвечаныя толькі сонцу і яго святкаванням.
Часта, амаль заўсёды, Ашэнбах бачыў падлетка Тадзю; абмежаваная прастора, зададзены для ўсіх агульны распарадак дня абумовілі, што хлопчык-прыгажун увесь дзень, з кароткімі перапынкамі, бавіўся паблізу каля яго. Ён бачыў, ён сустракаў яго ўсюды: у памяшканнях ніжняга паверха гатэля, падчас асвяжальных водных прагулак у горад і назад, на багата аздобленай п’яцэце; акрамя таго, просты выпадак часцяком зводзіў іх разам. Але галоўным чынам і са шчасліваю рэгулярнасцю адпачынак на пляжы да полудня даваў яму магчымасць працяглы час прысвяціць пяшчотнаму ды ўважліваму назіранню і больш блізкаму знаёмству з хлопчыкам. Напраўду, гэтая непазбежнасць шчасця, гэтае спрыянне абставін, якое штодзённа-раўнамерна прыходзіла нанова, былі якраз тым, што напаўняла яго задавальненнем і радасцю ад жыцця, што рабіла яго час знаходжання тут дарагім сэрцу і гэтак прыемна, гожым шэрагам выстройвала адзін за адным сонечныя дні.