Светлый фон

– Мне яна падабалася. Няхай ёй вольна дыхаецца хаця б пасля смерці.

– Добра, заўтра я забяру ключы.

– Так, і пачынайце працэс. Цяпер у вас працы – на гады. Марына паціснула сухую далонь старшыні моўнай Камісіі Міжнароднай Лінгвістычнай Калегіі і пайшла да ліфта.

У гэтым корпусе, новым, трыццаціпавярховым, толькі-толькі адбудаваным для Калегіі, з прасторнымі канферэнц-заламі, архівамі, працоўнымі кабінетамі, лабараторыямі, было надта ж утульна. У тым памяшканні, якое цяпер, пасля рашэння Камісіі, адводзілася ёй і яе, цяпер ужо афіцыйна мёртвай, мове, – дзявяты паверх, левае крыло, дваццаць пяць стэлажоў для кніг і дакументаў, кабінет, пакой для адпачынку – стаяла нават шыкоўная канапа, і Марына дакладна ведала, што на той канапе будзе час ад часу і начаваць. Бо працу сваю яна любіла, а болей любіць не было асабліва каго ці што – ані сям’і, ані дзяцей, ані нават якой коткі. Ідэальны варыянт жанчыны-навукоўцы.

Ліфт спыніўся. Марына выйшла праз хол да акіяна. Так, трэба прагуляцца. Не кожны дзень ты прымаеш такія рашэнні.

Канешне, не Марына, дык нехта іншы – афіцыйнае прызнанне чарговай мёртвай мовай мовы беларускай даўно наспела. Апошні інтэрнэт-рэсурс, які выкарыстоўваў сярод іншых моў і беларускую, скончыў працу дванаццаць год таму, час ад часу нейкія тэксты яшчэ перадрукоўваліся туды-сюды па сеціве, але ж у асноўным дзеля «парагатаць», як называлася гэта на форумах. Напэўна, недзе па свеце яшчэ насіла таго-сяго з апошніх, хто памятаў, дзе пішацца, а дзе не пішацца «у нескладовае». Канешне ж, насіла, яна спадзявалася, што насіла, ды яна і сама вольна і размаўляла, і пісала, і чытала, не ў паўсядзённым жыцці, а толькі па навуковых патрэбах, але сёння МЛК не чакае стагоддзямі: мова выйшла з ужытку – мова павінна памерці. Газет няма, часопісаў няма, справаводства няма, адукацыі няма, апошняя кніжка была надрукавана дваццаць два гады таму і не прадалася зусім – усе пяцьдзясят асобнічкаў зараз чакаюць свайго месца на стэлажах. Канешне, усе пяцьдзясят не паставім, але ж адзін – абавязкова. Апошняя кніжка, пасля якой мова памерла.

Зараз, безумоўна, пачнецца самае цікавае – для яе, для Марыны. Мову трэба будзе кансерваваць. Падручнікі, нарматыўныя зборнікі, літаратуру, публіцыстыку, кіно, запісы спектакляў, нейкія асобныя дакументальныя стужкі – усё, што назапашана і не запатрабавана сучаснасцю, перагледзець, ацаніць, выбраць і самае каштоўнае захаваць. Так зараз робяць з кожнай мовай, а гэта тры мовы ў год. І перспектывы ёсць: беларуская зойме дзявяты паверх, а памяшканняў падрыхтавана – да трыццатага. Але ж цяпер Марыне было ўжо зусім нецікава, што будзе потым. Яна нават адчула, як па нагах нібы забегалі кіпцюрастыя вожыкі: так захацелася хутчэй узяцца за кансервацыю. Не, не таму, што забіла – і хаваць. Таму, што ўжо нарэшце тое, што яна любіла, будзе такім і толькі такім, якім яна яго бачыць. Спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.