Для яе мова не была роднай – яна наогул мала для каго была сапраўды роднай. Сказаць па праўдзе, Марыне нават цяжка было ўявіць сабе тых беларусаў ХХІ стагоддзя, ля калыскі якіх маці вырашала звычайныя паўсядзённыя пытанні па-беларуску. Існавалі, канешне, нейкія інтэлектуальныя беларускамоўныя сем’і, купкі, гурткі – ну дык і лаціна колькі яшчэ жыла, нягледзячы на тое, што памерла.
Сярод Марыніных аднагодкаў на ўвесь Мінск, напэўна, было чалавек пяцьсот, якія ўсім гэтым сапраўды цікавіліся. Нават кніжкі беларускамоўныя тады пачалі выдавацца менавіта такім сакраментальным накладам – па пяцьсот. Кожнаму па кніжцы. Цягнулася гэта гады са два, пакуль выдавецтвы канчаткова не абанкруціліся. А што яны шукалі ў мове? Па-рознаму, канешне. У асноўным да мовы прыходзілі з нейкіх інтэлектуальных, палітычных, кар’ерных ці сямейных меркаванняў, маўляў, мой дзядзька – вядомы беларускі пісьменнік… Ці як яна.
Гэта быў філфак, пяты курс, два тыдні да абароны дыплома. Марына Дамейка, выдатніца, надзея кафедры, будучы аспірант, гэтыя тыдні праводзіла так, што і мама, і тата, і прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта пасівелі б, калі б даведаліся. А што рабіць? Дзяржы здадзеныя, дыпломы ў рэцэнзентаў, з інтэрната яшчэ не папёрлі і наогул – студэнцтва скончылася. Таму Марына з сардэчнай сяброўкай нарэшце вырашылі здзейсніць свае запаветныя мары і пайсці ў сапраўдны запой. Набралі на Камароўцы агуркоў, квашанай капусты і сала, назапасілі моцных напояў – і далі нырца.
Назапашанае скончылася а дзявятай: чуткі пра запой абляцелі інтэрнат, і да сябровак далучыліся з дзясятак памагатых. Прыйшлося пайсці ў канапу.
Так, гэта была легенда філфакаўскага інтэрната – канапа з гарэлкай. У адной дзяўчынкі бацька працаваў на гарэлачным заводзе ў Мазыры, і нейкім чынам меў кожны месяц колькі бутэлек на вольны продаж. Таму раз на месяц з чорнага ўваходу ў інтэрнат пры поўным, шчодра аддзячаным маўчанні афіцыйных асоб разгружалі бусік з гомельскімі нумарамі, падымалі на ліфце на шосты паверх пару скрыняў гарэлкі і складалі ў канапу. Гаспадыня канапы была дзяўчынай не сквапнай і даверлівай, вяла тоўсты сшытак, куды запісвала пазычальнікаў, і таму на пачатку месяца ўвесь філфак адчуваў сябе ў поўнай алкагольнай бяспецы. Нават калі няма грошай – вып’еш з канапы. Звычайна канапу выпівалі за першы тыдзень, а потым яе гаспадыня спаганяла пазыкі і выкрэслівала прозвішчы са сшытка чырвоным алоўкам.
Такім чынам, два дні пілі з канапы. «И за это его называли Тутанхамо-он!» – меланхалічна цягнуў Бутусаў з магнітафона, часам ягоны дэпрэсіўны вакал змяняўся жыццярадаснай «Багемскай рапсодыяй» геніяльнага Фрэдзі, а часам нехта выконваў пад гітарны акампанемент балгарскую народную песню «Іматэ лі віно». Карацей, весяліліся з выдатніцкім перфекцыянізмам.