Светлый фон

На трэці дзень, калі сілы патроху сыходзілі з кволых целаў нашых п’яніц, у дзверы пагрукаўся ён.

Марына чула пра яго і раней: нехта з кампаніі распавядаў пра надзвычай ваяўнічага першакурсніка з беларускага аддзялення, які ладзіў адмысловыя сваркі на рускамоўных парах і пісаў, як казалі, неблагія вершы па-беларуску. У яго былі нейкія абаронцы ў дэканаце і на кафедры сучбелліта, таму сваркі сыходзілі яму з рук, прынамсі, пакуль што. Самае цікавае ў гісторыі з Багданам Сямёнавым было тое, што ён быў рускім. Але ж такога беларуса трэба было яшчэ пашукаць. Пяты курс, зразумела, глядзеў на ягоныя выкіндасы без пафасу: такім, як Сямёнаў, не так важна, чым эпаціраваць. Рускі беларускі нацыяналіст – шыкоўна для вяртлявага і невысокага, неспартовага і наогул нейкага нехлямяжнага хлопца. Ну, і вершы. Першакурсніцы млеюць і складаюцца штабялямі. Мо, таму, што пакуль не разбіраюцца ў вершах, мо, таму, што хлопцаў на філфаку, няхай сабе і нехлямяжных, заўсёды не хапае.

Карацей, гэта быў Сямёнаў, якога нехта з запойных памагатых падабраў ля стадыёна «Дынама»: хлопцу трэба было пахмяліцца, а ў шапіках за вершы ўжо не налівалі.

– Вітанкі, дзяўчаткі! – Сямёнаў выкінуў ушыркі рукі і запеў нейкі цыркавы туш.

– Салют піянерам, – адгукнулася Марына, не падымаючы галавы. Яна добра бачыла Сямёнава, бо ўчора засынала якраз тварам да дзвярэй. У іншым выпадку яна б наўрад ці здолела павярнуцца.

– Кажуць, у вас тут даюць прытулак прагным і таленавітым?

– Такім – толькі выспятка! – горла, спруцянелае з ночы, адмаўлялася надаваць голасу грудны тэмбр і інфернальны тон.

– Тады я зайду, – пагадзіўся Сямёнаў і плюхнуўся на ложак побач з Марынай. – Во бурбалкі, я ведаю, яны табе зараз патрэбныя болей за ўсё, – і дастаў аднекуль паўбутэлькі ледзяной кокаколы.

Ужо толькі за гэтае яго варта было пакахаць.

Каханне і зубы ў маладых баляць аднолькава.

Пачынаецца ўсё раптоўна: толькі што ты быў чалавек-чалавекам, сядзеў на канапе, глядзеў у акно, пры наяўнасці вольнага часу калупаўся ў носе ці, згодна з патрабаваннем фразеалагізму, лічыў варон, і раптам – жа-а-а-ах! – і баліць. І так баліць, што дах зносіць, здаецца, зараз бы адчыніў вакно і скочыў бы ўніз, туды, куды падаюць, распрастаўшы крылы, вароны, якія ўбачылі на зялёнай траве крывавы кавалак мяса.

Ой, баліць, мамачка, сілы няма. І віруе, і рве, і падымае ўсё знутры, і ты імчыш рабіць хаця б што-небудзь: бачыць яго, дакранацца да кашулі, гістэрычна рагатаць над нясмешнымі ягонымі жарцікамі ці проста сядзець самотна на падаконніку, а ён мімаходзь запытаецца: «Ну што, малыш, засумавала?» – і тут ты павернешся да яго, а вочы такія глыбокія-глыбокія, і ў іх толькі цені ад чорных крылаў… І ты глытаеш анальгін, прыкладваеш да дзясны халоднае сала, завязваеш нітку вакол прыдалоння, а яно ўсё баліць і баліць, і баліць, і здаецца, няма такога доктара, які суцішыць гэтакі боль…