Светлый фон

Шчур, зіркаючы салодкімі вачыма на дзяўчат, спяваў далей:

Дзяўчаты пырскаюць смехам, штурхаюцца лакцямі, Шчур з пачуццём спявае далей. Спявае песню за песняй, іграе полькі, вальсы, маршы і нейкія ўласныя імправізацыі. He думаў, што з яго такі артыст. Цэлы дзень забаўляў нас усіх, а вечарам, пасля яды, пачаў збірацца ў дарогу.

Мацей запрашаў Шчура, каб прыходзіў, калі будзе мець вольны час. Я пайшоў праводзіць яго. Па дарозе расказваў мне местачковыя навіны. Непадалёку ад лесу затрымаўся. З паўгадзіны яшчэ размаўлялі і курылі папяросы. У нейкі момант Шчур міргануў мне вокам:

— А паненкі там у цябе клёвыя! Дзеўкі як печы!

— Так, так…

— Ты падваліся да якой. Будзе табе весялей.

— Неяк не да таго…

— Дык зрабі, каб было таго… Дзяўчаты аж пішчаць. Гараць. Ногі заціскаюць, а ты глядзіш. Падумаюць, што калека!

Хутка развіталіся, і Шчур спяшаючыся пайшоў па дарозе, што вяла на тракт, а я вярнуўся на хутар. Застаў усіх за сталом. Доўга яшчэ размаўлялі і смяяліся, прыгадваючы жарты і апавяданні Шчура.

Адзін з братоў узяў у рукі балалайку і пачаў іграць на ёй. Аднак у яго руках інструмент зноў стаў паспалітым брынкалам.

Словы Шчура пра дзяўчат абудзілі ў мяне да іх цікавасць. Пачаў уважлівей і інакш, чым раней, сачыць за імі. Штораз больш падабаюцца мне. Маюць ладныя, карыя вочы, бялкі якіх аддаюць сінявой, зацяняюць іх густыя доўгія павейкі. Вусны малыя, выразныя, шчокі ружовыя, зубы выдатныя, і павінны быць цудоўна збудаваныя. З усё большай зацікаўленасцю аглядаю дзяўчат. Яны адчуваюць гэта. Заўважыў у іх пэўнае какецтва: хочуць мне спадабацца. Але як яны падобныя! Нават розніца ва ўзросце сціраецца.

У той вечар мы пайшлі спаць досыць позна.

Мне прысніліся «Ваньки-встаньки». Яны мелі карыя вочы з сіняватым адлівам бялкоў. Смешна нахіляліся і рухалі вуснамі.

2

2

Незадоўга перад Калядамі браты Даўрыльчукі пачалі рыхтавацца ў дарогу за граніцу. Мацей і Базыль прывезлі шмат тавару з мястэчка. Гэтага хопіць больш чым на дзесяць ношак. Тавар танны: мужчынскія і жаночыя свэтры, шалі, панчохі, хром, скура на падэшвы. Аднак на тым тавары добра зараблялі, бо на яго вялікі попыт у Саветах.

Мы пасартавалі тавар і прырыхтавалі пяць ношак. У дарогу пойдуць тры браты, я і Кася. He хацелі яе браць, аднак яна ўперлася, што абавязкова пойдзе, паколькі ўжо не раз насіла з братамі кантрабанду праз граніцу. Урэшце Мацей дазволіў ёй. Зараз чакаем толькі спрыяльнага надвор’я.

Праз некалькі дзён пасля дастаўкі тавару пачалася лёгкая завея.

— Калі снегавіца не сунімецца да вечара, дык вырушым сёння ў дарогу, — сказаў мне Базыль.