Цяпер пачуваю ў Даўрыльчукоў сябе так, нібы быў іх сямейнікам. Пасябраваў з хлапцамі і з дзяўчатамі, якія зараз зусім не саромеюцца мяне. Разам працуем, разам ямо, разам бавім вольны час. Стары Мацей любіць апавядаць мне розныя эпізоды са свайго досыць бурлівага ў маладосці жыцця. Апавядае цікава і вобразна, таму з ахвотай яго слухаю. Ён курыць люльку, я — папяросы, і мы часта праводзім разам шмат гадзін.
На трэці дзень пасля першага вяртання з-за граніцы ўвечары лёг спаць. Для мяне на ноч рассцілаюць вялікі сяннік на дзвюх састаўленых разам лаўках. Пад галаву даюць велізарную падушку, а накрываюся я ватняй коўдрай, верх якой зроблены з каляровых кавалачкаў ад розных матэрыялаў. Дзяўчаты спяць за перагародкай на дзвюх ложках, а хлопцы на вялікіх «палацях» за печкай. Ложак гаспадара і гаспадыні стаіць ля дзвярэй за перагародкай, якая ўтварала нешта накшталт малога пакойчыка на другім канцы хаты.
У той вечар доўга не мог заснуць. Браў з паліцы папяросы і курыў. Думаў пра рознае. З-за печы далятаў моцны храп братоў. Напачатку гэта перашкаджала мне спаць, а потым прызвычаіўся… Так мінула гадзіны са дзве, а я ўсё не мог заснуць. Падняўся з пасцелі і пайшоў у кут пакоя, дзе, на нізкім зэдліку, стаяла ладная дзежка з хлебным квасам. Напіўся і вярнуўся на месца. Мне ўвогуле не хацелася спаць. Зараз найахвотней пайшоў бы куды-небудзь на гулянку ці за граніцу з таварам.
У нейкі момант пачуў за перагародкай дзявочы шэпт. Часта чуў, як яны размаўлялі і шапталіся між сабою, але не так ціха і позна, як зараз. Потым усё сціхла. Праз пару хвілін я пачуў лёгкія крокі босых ног. Глядзеў у бок перагародкі, аднак абсалютна нічога не мог убачыць, бо ваканіцы былі замкнутыя і хата патанала ў поўным змроку. Крокі наблізіліся да маёй пасцелі. Затрымаліся непадалёку ад лавак. Чую шоргат далані па паліцы, якая вісіць нада мной на сцяне. Нечага там шукае. Шукае доўга і не знаходзіць. Тады я думаю: «А можа, гэта толькі зачэпка!» Вельмі ціха кажу: «Хто гэта?» Няма ніякага адказу, а шоргат далані па паліцы не спыняецца. Тады я сядаю на пасцелі і выцягваю рукі ў той бок, дзе адчуваю чыюсьці прысутнасць. Пальцамі датыкаюся да цела дзяўчыны ў грубай льняной кашулі. Робіць рух, нібы хоча ўцячы, але я моцна абдымаю яе за стан і саджу на пасцель. Пачынаю яе цалаваць. Штосьці хачу вымавіць, але яна спяшаючыся кладзе мне на вусны даланю. Тады я моўчкі валю яе на ложак.
Праз гадзіну дзяўчына хоча мяне пакінуць. Спрабую яшчэ затрымаць, але яна рашуча адрывае ад сябе мае рукі і паціху адыходзіць за перагародку… Бязгучна ляжу адзін. Праз некалькі хвілін за перагародкай чую ціхае шаптанне і, як мне падалося, смех.