Светлый фон

Зараз уваходзім у лес па другім баку кантрольнай паласы. Сляды, дзве доўгія глыбокія раллі, пакінутыя намі на снезе, спяшаючыся, замятае працавітая завея. Праз гадзіну тут зноў будзе роўнае месца.

У лесе ціха. Бяз шуму, нібы здані, праходзім паміж вялікімі пнямі дрэў, каля аснежаных кустоў. Прабіваемся скрозь снегавыя замёты, увальваемся ў замаскаваныя снегам яры.

Зноў выходзім на поле. Я ўвогуле не адрозніваю перад сабой мясцовасць. Адхоны і пахілы пагорка адчуваю толькі нагамі… Агортвае санлівасць. Аднастайнасць рухаў закалыхвае мяне да сну. Аўтаматычна сачу за постаццю дзяўчыны, якая ідзе перада мной. На снежнай белі адрозніваю яе толькі таму, што ўтварае суцэльную, рытмічна-рухлівую перад вачыма белую пляму. На фоне гэтай плямы бачу цямнейшы прастакутнік ношкі, які няўхільна плыве ўперад. У думках узнікаюць розныя малюнкі: бачу шматлікія постаці, размаўляю з імі, і, увогуле, не заўважаючы таго, пхнуся наперад.

Адчуваю сябе ў поўнай бяспецы. Ідзём вельмі асцярожна. Амаль зусім не рызыкуючы. Нас ахоўвае мяцеліца, маскіруе белізна апраткі. Праваднік надзейны і дасканала ведае мясцовасць, без вагання вядзе наперад, адрэзак спакойны. На выпадак небяспекі дастаткова адскочыць некалькі крокаў убок, каб назаўсёды ўнікнуць пагоні… У дадатак маю ў далоні рукаятку парабелума — машыны надзейнай, якая не падвядзе.

Апоўначы набліжаемся да нейкага будынка. Спыняемся ў зацішку пад яго сцяной. Гэта вялікая пуня. Недзе злева брэша сабака: пачуў нас, бо вецер дзьме ў той бок. Браты размаўляюць шэптам. Кася здымае з плячэй ношку, выцягвае з нагавіцаў спадніцу і крочыць уздоўж сцяны пуні. Знікае за вуглом будынка. Вяртаецца яна праз пятнаццаць хвілін.

— Казалі ісці ў пуню. У іх спакойна. Дзядзька зараз прыйдзе.

Абыходзім будынак і спыняемся перад самавітай брамай. Прынесеным з хаты ключом Кася адмыкае вялікі замок і памалу адсоўвае завалу. Уваходзім у пуню. Нас ахутвае цішыня, цяпло і змрок. Скідаем з плячэй ношкі. Я залажу высока на сенавал, а браты застаюцца на доле. У сухім, духмяным сене раблю глыбокую нару і забіраюся ў яе. Захінаюся кажухом. Мне цёпла і мякка. Вочы зліпаюцца ад сну. Чую, як нехта ўвайшоў у пуню. Доўга паціху размаўляюць. Потым дзверы зноў замыкаюцца. Браты таксама ўзлазяць да мяне і пачынаюць ўкладвацца спаць. Нораў не робяць. Базыль лёг недалёка ад мяне.

— А дзе Кася? — пытаю яго.

— Пайшла ў хату спаць.

— Гэта хутар?

— He… вёска… дваццаць тры хаты.

— Каб нас не «засыпалі»!

— Што ты кажаш?.. Тут народ надзейны… I ніхто не ведае, што мы сюды прыйшлі.

Супакойваюся гэтымі адказамі і хутка засынаю.