Светлый фон

— А нашто ёй ісці да чужых людзей бяду шукаць?.. Хлеба і работы ў хаце ўсім хопіць. He прымушаем яе: як хоча! Сваты не раз прыязджалі, — не прыняла іх…

Пасля дзядзька Андрэй збіраецца адыходзіць. Мусіць адвезці тавар у мястэчка паблізу да купца, які здаўна прымае ад яго кантрабанду. He займаецца гэтым прафесійна, толькі пры выпадку. Кася выходзіць з пуні разам з ім.

Вечарам дзядзька Андрэй і Кася прыходзяць зноў. Дзяўчына прыносіць кош яды, а дзядзька трымае на плячах спорны мяшок. Залазяць на сена.

Доўга вячэраем. Выпілі дзве пляшкі самагону, якія дзядзька захапіў з сабой. Потым браты Даўрыльчукі і дзядзька Андрэй пачынаюць падлічваць кошт прынесенага намі тавару. Гэта цягнецца доўга. Нарэшце канчаюць рахункі. Дзядзька Андрэй вымае з мяшка 85 лісіных скурак і дае іх Базылю. Акрамя таго, яшчэ некалькі дзесяткаў залатых манет. Пры гэтым кажа:

— У нас, на той прыклад, усё па-боску. Мы ж сваякі. I вы заробіце, і мне штось кропне. Неяк будзем жыць. Абы здароўе!

Збіраемся ў дарогу. Лісіныя скуркі браты ўпакоўваюць у дзве ношкі, якія бяруць Базыль і Ігнась. Я пярэчу гэтаму. Кажу, што тавар павінны мы несці ўсе, апрача Касі. Базыль адказвае:

— Тут і двум няма чаго несці!

Пасля выходзім з пуні. Дзядзька на чарзе жагнае нас і гаворыць Касі:

— А ты, дзеўка, не хадзіла б у дарогу, а яшчэ, на той прыклад, у портках. He па-божаму гэта!

— Але зручна! — весела гаворыць Сымон.

Мы вырушылі ў зваротны шлях.

* * *

Назаўтра да мяне падышоў Базыль і прамовіў:

— Што хочаш за дарогу: дзве лісіцы ці 25 рублёў?

— Нічога не хачу. Хай застанецца вам… за мас ўтрыманне.

Базыль энергічна запратэставаў, і я мусіў узяць ад яго 25 рублёў.

Да свята паспелі яшчэ раз схадзіць за граніцу, але зараз Кася засталася дома. Магчыма, засаромелася слоў дзядзькі Андрэя! А можа, сёстрам хоча дапамагчы ў працы, якой зараз у гаспадарцы значна павялічылася.

Шчасліва вярнуліся з-за граніцы, і я зноў атрымаў ад Базыля 25 рублёў. Раніцай Мацей, Ганна і Базыль паехалі на апошні, перадсвяточны «кірмаш». Склаў Базылю спіс рэчаў, якія павінен быў купіць для мяне, і ліст Лорду. Калі яны выехалі са двара, пачаў памагаць Сымону і Ігнасю. Яны пілавалі тоўстыя бярвёны дроў, а я іх сёк. Пасля пабег дадому у «чорную палову» хаты і кінуўся дапамагаць Насці, якая ткала на кроснах вялікае ўзорыстае «радно». Больш перашкаджаў ёй, чым дапамагаў, таму атрымаў кулаком у бок і, пакінуўшы Насцю, прыміндаліўся да Касі, якая пякла «аладкі» з мукі і надзёртай бульбы. Нейкі час працавалі ў згодзе. Яна пякла аладкі і скідала з патэльні ў вялікую міску, а я еў іх яшчэ гарачымі. Хутка Кася заўважыла, што ў місцы нічога не прыбывае, і наша ўзаемнасць скончылася. Перад пагрозай вялікай драўлянай лыжкі, з якой Кася налівала на патэльню цеста, змушаны быў адысці ад міскі. Тады падаўся да Магдзі, якая, пабліскваючы мускулістымі плячамі, у клубах пару, мыла ў балейцы бялізну. Скарыстоўваючы тыя аблокі, як дымавую заслону, вырашыў паспрабаваць, ці цвёрдыя ў яе мускулы. Але гэтая спроба скончылася для мяне фатальна. Магдзя трэснула мне па плячах моцна скручанай штукай мокрай бялізны, і я вымушаны быў як мага хутчэй уцякаць, атрымаўшы пераканаўчае пацверджанне моцы яе мускулаў. Нарэшце падваліў да Алены, якая на чыстай палове хаты шаравала пяском і гарачай вадой стол, лаўкі і падлогу. Пару разоў, калі яна анучай сцягвала ваду з падлогі, зрабіў так, што мы нібыта выпадкова сутыкнуліся. Трэцяе такое збліжэнне выклікала неабходнасць хуткіх маіх уцёкаў. Алена замахнулася ўсім кублом вады, і калі б я не адхіснуўся ў бок ад струменя вады, быў бы ўшчэнт абліты. Мусіў вяртацца да Сымона з Ігнасем, якія за гэты час напілавалі ўжо цэлую гару дроў. Таму ўзяў у рукі сякеру і пачаў іх секчы.