Светлый фон

— Пані пойдзе ў Выганічы?

— Так… Яшчэ сёння выеду адтуль да Аляхновіч.

— Можа, пані адвесці да вёскі?

— He… Я нічога не баюся… Часта сюды хадзіла. Ведаю тут кожны крок… Да пабачэння!..

— Шчаслівай дарогі!

Хутка і лёгка яна збегла з кургана. Яшчэ раз азірнулася, махнула мне рукой і пайшла на захад… Доўга глядзеў ёй услед… Знікла ў месячным святле.

Памалу пайшоў у кірунку Вялікага Сяла. Неўзабаве апынуўся каля пагранічных слупоў. Стаялі змрочныя… Варожа глядзелі на сябе, як барацьбіты, якія, напяўшыся, узважваюць свае сілы…

Аднекуль злева даляцеў карабінавы стрэл. Пасля прагрымела больш дзесятка стрэлаў, якія разбудзілі рэха ў навакольных далінах і лясах.

«Напэўна, „дзікія“ перайшлі граніцу».

Агледзеўся навокал… Цішыня… Пустэча…

Месяц лье на пагранічча бляклыя халодныя праменні. Зоркі свецяць імгліста. Верхам пракрадаюцца хмары. Яны патаемна пераходзяць праз невядомыя людзям кардоны. А на паўночным захадзе цудоўна блішчыць каштоўнымі каменьчыкамі прыгожых зорак найпрыгажэйшая Вялікая Мядзведзіца. Яе пяшчотна ахуталі лёгкія снежна-белыя бухматыя аблокі.

Гэта быў канец майго трэцяга залатога сезона.

Гэта была гадавіна смерці Сашкі Вэбліна, некаранаванага караля граніцы.

Гэта была мая апошняя ноч на паграніччы.

 

14 кастрычніка 1935 г. — 29 лістапада 1935 г.

14 кастрычніка 1935 г. — 29 лістапада 1935 г.

Святы Крыж, астрог.

Святы Крыж, астрог.

Слоўнік