«Здань!» — падумаў я.
Без шолаху, спяшаючыся, пайшоў услед за гэтай постаццю. Знікла з маіх вачэй каля Капітанскай Магілы… Стараючыся не рабіць шуму, я бег наперад.
Паціху ўспаўзаў збоку па насыпе кургана. Заўважыў на яго версе цёмную самотную ўкленчаную постаць. Яе твар быў закрыты далонямі. Я, знерухомеўшы, глядзеў.
«Што яна робіць?.. Можа, моліцца?»
Павольна рушыў наперад. Убачыў маладую дзяўчыну, апранутую ў цёмнае паліто. Напэўна, адчула маю блізкую прысутнасць, бо раптам ускочыла на ногі. Пачала адыходзіць ад мяне ўзад. Тады я вымавіў:
— Няхай пані не баіцца.
Спынілася. Месяц выплыў з-за хмар і, як з рэфлектара, заліў струменем праменняў яе твар. Пазнаў у ёй дзяўчыну, якую бачыў на шпацыры разам з Петрусём непадалёку ад Душкава і твар якой заўважыў некалі на гэтым пагорку, калі, пасля ўцёкаў з Саветаў, страціў на тым месцы прытомнасць. Зразумеў, што гэта яна расказала тады Петрусю і Юліку пра маё знаходжанне тут. I яшчэ зразумеў адну рэч: што ёсць нейкая сувязь са «зданню» і пачутым некалі апавяданнем пра Капітанскую Магілу. Тады загаварыў да яе:
— Я сябар Петруся… Пані некалі выратавала мяне, калі ляжаў тут хворы… Запомніў твар пані… Пані, здаецца, завуць Ірэнай?
— Так.
— Дзіўная рэч, што менавіта сёння спаткаўся тут з паняй!
— Прыйшла сюды развітацца з бацькам… Ён тут загінуў…
— I я прыйшоў сюды, каб развітацца з… граніцай. Хачу запытацца ў пані пра адну справу, якая мае сувязь менавіта з гэтым месцам…
— Калі ласка.
— Я чуў легенду пра здань, якая з’яўляецца паблізу ад гэтага месца… Бачыў яе ўласнымі вачыма…
— Што спадар бачыў?
— Бясформенную белую пляму, якая ўсё рухалася ў розных напрамках… To падымалася ўгару, то апускалася ўніз…
На твары дзяўчыны з’явілася лёгкая ўсмешка.
— Гэта была не здань. Гэта была Мушка. Сабака гаспадара, у якога я жыву. Брала яго з сабой, каб у цёмныя ночы не заблудзіцца і каб сцярог мяне ад небяспекі… Сёння прыйшла адна…
Дзяўчына замоўкла. Хвіліну стаяла ў задуменні, а пасля вымавіла:
— Развітваюся з спадаром… Сёння ад’язджаю ў Вільню… да Петруся. Ён і яго сям’я запрасілі мяне да сябе.