— Чацвёртая? Так позна!.. Ну, дык дай мне гэты кій. Баліць мне нага… Можаш ісці.
Выняў з рукі Станогі кій і, пакінуўшы жыда на дарозе, пайшоў у напрамку Душкава. Бэрка застаўся на ўзлеску і доўга глядзеў мне ўслед. Пра што ён думаў? Быў перакананы, што я не ведаю аб большых грошах у кіі і меркаваў, што дзе-небудзь яго кіну. He вывеў яго папярэдне з той думкі. Гэта была мая помста за так шмат праведзеных у чаканні яго начэй.
Шкада, што не было са мной Шчура і я нават не меў магчымасці паведаміць яму пра тое, што разабраўся са Станогім…
Сум па ім сціснуў мне сэрца. Дзе ён зараз? Што робіць мой бедны, звар’яцелы сябра, які часам меў такое добразычлівае сэрца?
Калі потым на мяліне ў бровары я асцярожна разлупіў нажом кій, дык знайшоў у выдзяўбленым яго асяродку 60 стодаляравых банкнотаў. Увогуле забраў у Станогі 7400 даляраў. Гэтае павелічэнне майго капіталу зусім не пацешыла мяне. З ахвотай аддаў бы тыя грошы за магчымасць апынуцца хоць на некалькі хвілін разам са Шчурам.
* * *
Усцяж вандрую паграніччам. Я ўсімі пакінуты. Няма аніводнага сябра. Аднаго разу пайшоў на мяліну ў Краснасельскі лес, дзе некалі хаваўся разам з Грабаром і Шчурам. Гола тут, пуста і холадна. Усё заслаў тоўсты слой пажоўклых лістоў. Няма тут нікога… нават майго старога сябра… рыжага ката з адсечаным хвастом.
Усё хаджу па паграніччы. Атручвае мяне смутак. З’ядае неспакой.
Выходжу на тракт. Вецер гоніць па ім пажоўклыя мокрыя лісты. Тэлеграфныя слупы стаяць сумныя, змоклыя, цёмныя…
Ідзе зіма. Адчуваю ў паветры яе подых. Незадоўга ляжа белая сцежка!..
Тую ноч я правёў у лясной глушы непадалёку ад другой лініі. Падняў уверх вялізныя, срабрыстыя ад старасці, доўгія, па чатыры метры, лапы яліны і залез над яе… Там панавала цішыня. Пахла смалой і цвіллю. Меў сухую пасцель з шматгадовага шыльніку. Тут было суха і цёпла ў найцяжэйшыя зімы.
Я не спаў амаль усю ноч. Наведвалі мяне розныя прывіды. Бачыў незвычайныя рэчы. Чуў галасы жывых і памёршых людзей… У гэтую ноч я зразумеў і перадумаў шмат рэчаў, якіх не ўмею выказаць словамі, але якія жывуць ўва мне і якія ніколі не наведаюць людзей, што спяць у ложках.
У тую ноч я вырашыў назаўсёды пакінуць граніцу. Назаўтра прыпадалі ўгодкі смерці Сашкі Вэбліна. Узыход сонца таго дня быў непараўнальна прыгожы. Я глядзеў на яго з высокага пагорка на другой лініі.
На наступны дзень пайшоў у мястэчка. Хацеў развітацца з Юзікам Трафідам і Янінкай. Але іх не было дома. Там жылі незнаёмыя мне людзі. Сказалі, што Юзік Трафіда прадаў хату і разам з сястрой і маткай выехаў да сваякоў, якія жылі недалёка ад Івянца.