Светлый фон

Незнаёмы набліжаўся да мяне. Пры хадзьбе апіраўся на кій. Калі быў ля кустоў, я скочыў на сцежку, па якой ішоў, і апынуўся насупраць яго.

— Рукі ўгору!

Ён, спяшаючыся, падняў рукі. Кій зваліўся і пакаціўся па зямлі.

— Давай грошы. Жвава!

Станогі хутка павыварочваў кішэні і высыпаў з іх залатыя і срэбраныя манеты. Даваў іх мне:

— Калі ласка, пане… Калі ласка…

— Гэта ўсё?

— Усё, калі ласка, пане.

— Ну, а калі я знайду?

Забаўляўся ім. Шкада хутка вырашаць з чалавекам, якога так цярпліва чакаў шмат начэй сам і разам са Шчурам. Напэўна, ніхто так старанна не выглядаў каханай, як я гэтага жыда.

— Што спадар знойдзе? Я нічога не маю.

— Калі яшчэ што-небудзь знайду… хаця б грош, хаця б адзін даляр, дык ведаеш, што я з табой зраблю?

Станогі шырока адкрывае вочы і аблізвае вусны. Яму горача.

— Я не… не… — спалохана шэпча.

— Не?.. Добра. Распранайся!

Перастаў размаўляць з ім памяркоўна і тузануў за край курткі так, што пасыпаліся гузікі.

— Ну, жвава! Раз, два! Бо я табе дапамагу!

Жыд затрымцеў. Спяшаючыся, сцягваў з сябе куртку і фрэнч.

— Калі ласка, спадар! Што спадар хоча?

— Паглядзець, ці прыгожы.