Светлый фон

Эдгар По Маска Чырвонае Смерці Выбраныя навелы, вершы, эсэ

Эдгар По

Маска Чырвонае Смерці

Выбраныя навелы, вершы, эсэ

© Арцёмаў А., Баршчэўскі Л., Бушлякоў Ю., Дзергачова М., Дубоўская К., Лабанава Н., Мартысевіч М., Маціеўская К., Мінкін А., Пятровіч А., Рыжкоў В., Сідарэнка В., Хадановіч А., Цімафеева Ю., Шадзько Ю., Шупа С., Шчасны У., Шчур М., Янкута Г., пераклад на беларускую мову, 2011 © Шахназаран Н., прадмова, 2011 © Маціеўская К., Янкута Г., каментар, 2011 © Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

© Арцёмаў А., Баршчэўскі Л., Бушлякоў Ю., Дзергачова М., Дубоўская К., Лабанава Н., Мартысевіч М., Маціеўская К., Мінкін А., Пятровіч А., Рыжкоў В., Сідарэнка В., Хадановіч А., Цімафеева Ю., Шадзько Ю., Шупа С., Шчасны У., Шчур М., Янкута Г., пераклад на беларускую мову, 2011

© Шахназаран Н., прадмова, 2011

© Маціеўская К., Янкута Г., каментар, 2011

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Эдгар По (1809–1849)

Эдгар По (1809–1849)

На небасхіле сусветнай літаратуры зорка Эдгара Алана По – адна з найярчэйшых і найзагадкавых. Паэт, навеліст, журналіст, філосаф, літаратурны крытык, Эдгар По – прыклад самаадданага служэння мастацтву, найвялікшай сілы духу мастака, які перамог трагедыю жыцця чарадзейнасцю творчай энергіі. Літаратурная спадчына Эдгара По – унікальная, хаця і невялікая па аб’ёме. Цяжка назваць тую сферу мастацтва слова, у якой ён не здзейсніў адкрыццяў, што натхнялі некалькі пакаленняў еўрапейскіх пісьменнікаў (сімвалізм у паэзіі, дэтэктыўны, навукова-фантастычны, псіхалагічны жанры ў навелістыцы, тэорыя «чыстага мастацтва» ў літаратурнай крытыцы).

Эдгар По нарадзіўся 19 студзеня 1809 года ў Бостане ў артыстычнай сям’і. Ягоная маці Элізабэт Арналд стала акторкай у 11 гадоў, грала ролі дзяцей, эльфаў, казачных духаў. Яна была вельмі таленавітая, прыгожая, мела нязменны сцэнічны поспех, але занадта рана пайшла з жыцця – ва ўзросце 24 гадоў, пакінуўшы траіх дзяцей. Амаль адначасова з ёй памёр і бацька будучага паэта Дэвід По. Двухгадовага Эдгара ўзяла на выхаванне багатая бяздзетная пара Аланаў, кіруючыся тагачаснай модай на дабрачыннасць. Надзелены тонкай і чулай душой, Эдгар пастаянна адчуваў сваю адзіноту ў чужым доме, дзе яму далі прытулак адно з міласэрнасці. З шасці да адзінаццаці гадоў (1815–1820) По жыве ў Англіі, навучаючыся спачатку ў прыватнай школе – пансіёне Дзюбура (Лондан), а потым у прыгараднай школе Мэнар-хаўз. Прыёмныя бацькі не наведвалі яго, што ўпершыню выклікала пачуццё адчужанасці ў асяроддзі аднагодкаў, да якіх рэгулярна прыязджалі родныя. Хлопчыка ратавала паэтычнае светаўспрыманне, уяўленне, якое малявала ідэалізаваны вобраз прыўкраснай місіс Алан, добрай і чулай. Свядомасць будучага паэта пачынала раздвойвацца паміж светамі фантазіі й суворай рэчаіснасці.