Вяртанне ў Амерыку, у Рычманд, пазначыла сабою пачатак кароткага шчаслівага перыяду ў жыцці По. Выключныя здольнасці падлетка праяўляюцца ў гарманічным спалучэнні выдатных поспехаў у засваенні моваў – грэцкай, лаціны, французскай, у спорце – плаванні, стральбе, боксе, у захапленні матэматыкай. Спалучэнне логікі і ўяўлення ў паэтычным мысленні Эдгара По зробіцца адной з выключных і надзвычайных рысаў ягонай творчасці.
У 17 гадоў По паступае ва ўніверсітэт Вірджыніі, адкрыты за год да таго адным з заснавальнікаў амерыканскай дэмакратыі – Томасам Джэферсанам. По не скончыў універсітэта з некалькіх прычынаў, галоўнай з якіх была сквапнасць айчыма, што не пажадаў аплачваць занадта дарагое навучанне. По не правучыўся там і года, але за гэты кароткі час паспеў прачытаць велізарную колькасць кніг, удасканаліць сваё веданне моваў, матэматыкі і, галоўнае, напісаць мноства вершаў, якія пазней увайшлі ў ягоны першы паэтычны зборнік «“Тамерлан” ды іншыя вершы» (1827). Выключэнне з універсітэта стала цяжкім выпрабаваннем для амбіцыяў юнака, трагічным пераломам у ягоным лёсе. По сыходзіць з дому ў пошуках свайго месца ў жыцці без надзеі на чыю-кольвек дапамогу ці падтрымку. Ад таго часу пастаяннымі спадарожнікамі ягонага жыцця будуць цяжкая праца прафесійнага журналіста, не згоднага на кампрамісы з кан’юнктурнымі густамі чытацкай публікі, непраглядная галеча, страта самых блізкіх людзей, горкая самота і адчай.
Пазычыўшы крыху грошай, По выправіўся ў Бостан – як найдалей ад Вірджыніі й Рычманда. Надзеі палепшыць матэрыяльнае становішча публікацыяй вершаў не спраўдзіліся. Адчай змусіў юнака завербавацца ў войска пад імем Эдгара А. Пэры, 22 гадоў (насамрэч яму было толькі 18), ураджэнца Бостана. По, які з вялікай адказнасцю ставіўся да выканання вайсковых абавязкаў, даслужыўся да звання сяржант-маёра, найвышэйшага для малодшых камандзіраў, але ён пакутаваў ад немагчымасці праз недахоп часу аддацца свайму галоўнаму пакліканню – паэзіі.
28 лютага 1829 года Эдгар страчвае сваю прыёмную маці Фрэнсіс Алан. На нейкі час ён прыязджае ў Рычманд, каб праводзіць яе ў апошнюю дарогу і ўспомніць пра свой адзіны «бацькоўскі» дом. Памірыцца з айчымам не атрымалася. По з’язджае ў Балтымар.
Цягам году, пасля сыходу з войска і да паступлення ў новую акадэмію (1830), ён інтэнсіўна чытае, рыхтуючыся да новых паэтычных здзяйсненняў. У полі ягонай увагі – ангельскія й нямецкія рамантыкі. Сваю паэму «Аль-Арааф» пра таямнічую зорку, якая сімвалізуе ісціну і прыгажосць, По аддаў на суд Ўільяма Ўэрта – свайго выкладчыка права ў Вірджынскім універсітэце. Ўэрт пазнаёміў яго з самымі вядомымі літаратарамі Філадэльфіі – Робертам Ўолшам, рэдактарам «Амерыканскага штоквартальнага агляду», і Джозэфам Хопкінсам. Новы зборнік Эдгара По «“Аль-Арааф”, “Тамерлан” і малыя вершы» быў прыняты ў 1829 годзе выдавецтвам «Хатч і Данінг» з умоваю выплаты ганарару ў выпадку прыбытку. У адным з папулярных часопісаў «Янкі і бостанская літаратурная газета» з’яўляецца прыхільны водгук на кнігу, напісаны Джонам Нілам, сябрам По. Настрой маладога паэта светлы і радасны, нягледзячы на цяжкія жыццёвыя абставіны.