Пасля паступлення ў вайсковую акадэмію Вест-Пойнт паўтараецца тая ж гісторыя, што і ў арміі. Страта часу, занятага вайсковай муштрою, асэнсоўваецца Эдгарам По як злачынства ў дачыненні да паклікання. Мэтаскіраванае парушэнне дысцыпліны было адзіным спосабам дабіцца выключэння з акадэміі законным чынам – паводле рашэння вайсковага трыбунала, – што і адбываецца. По з’язджае ў Нью-Ёрк, дзе друкуе свой трэці зборнік вершаў. Жыццё ў Нью-Ёрку выявілася занадта дарагім, таму По вяртаецца ў Балтымар да сваёй цёткі Марыі Клэм. Праз чатыры гады, набыўшы новы жыццёвы й літаратурны досвед, По з’язджае з Балтымара, каб узяць актыўны ўдзел у станаўленні амерыканскай нацыянальнай літаратуры.
За час жыцця ў Балтымары (да 1835 года) ён двойчы ўдзельнічаў у конкурсах на найлепшае апавяданне. Такія конкурсы ладзіліся, каб заахвочваць маладыя таленты і спрыяць развіццю нацыянальнай літаратуры. Апавяданне По «Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы» было адзначанае першай прэміяй на конкурсе 1833 года.
У літаратурных спробах гэтага перыяду (навелы «Берэніка», «Марэла», «Падзенне ў Мальстрэм») Эдгар По дасягае сталасці мастацкага мыслення, віртуознай тэхнікі пісьма, філасофска-эстэтычнай глыбіні. З 1835 года пачынаецца актыўная праца пісьменніка ў якасці рэдактара рычмандскага «Паўднёвага літаратурнага весніка». Дзякуючы ягонаму выключнаму таленту і працаздольнасці часопіс ператварыўся са стратнага і малавядомага ў літаратурных колах у прыбытковы і вельмі аўтарытэтны.
Увосень 1835 года ў Рычманд пераязджаюць сваякі По – цётка Марыя Клэм і яе дачка Вірджынія. Праз год глыбокае ўзаемнае каханне Эдгара й Вірджыніі прыводзіць іх да сапраўды рамантычнага шлюбу. Вірджынія робіцца добрым анёлам паэта, гераіняй шэдэўраў ягонай позняй лірыкі і многіх навелаў. Яна дапамагала мужу ва ўсіх няшчасцях, была побач у блуканнях, падтрымлівала ягоныя духоўныя сілы, прыносячы ў жыццё сэнс, спакой і шчасце.
З’ехаўшы з Рычманда, Эдгар По пастаянна мяняў месца жыхарства: Нью-Ёрк (1837–1838), Філадэльфія (1838–1844), зноў Нью-Ёрк (1844–1846). Апошні ягоны прытулак – уласны дом у Фордэме паблізу Нью-Ёрка (1846–1849). Ён працуе на мяжы фізічных і душэўных магчымасцяў чалавека. Адзін за адным пабачылі свет зборнікі апавяданняў, што прынеслі яму сапраўдную літаратурную вядомасць. У студзені 1845 года быў надрукаваны верш «Крумкач», які імгненна стаў сенсацыяй і праславіў імя По як геніяльнага паэта. Мары пра прызнанне і славу пачыналі ажыццяўляцца, шмат што чакала ўвасаблення на вяршыні мастацтва, дасягнутай По за кошт неймаверных высілкаў, але лёс вырашыў па-іншаму. Новая катастрофа – пакутлівая хвароба (сухоты) і ранняя смерць Вірджыніі – сталася апошняй кропляй, што перапоўніла чашу пакутаў разбітага адчаем Эдгара По.