Славу заснавальніка дэтэктыўнага жанру прынеслі Эдгару По чатыры знакамітыя апавяданні: «Забойствы на вуліцы Морг» (1841), «Таямніца Мары Ражэ» (1842), «Залаты жук» (1843) і «Скрадзены ліст» (1844). Сам аўтар называў іх «лагічнымі» апавяданнямі («рацыяцынацыямі»), а асноўную задачу гэтых твораў бачыў у вывучэнні «працэсу дакладнага мыслення», камбінацыі дэдуктыўнага і індуктыўнага метадаў лагічнага мыслення. Галоўныя героі, дэтэктывы Дзюпэн і Легран, расследуюць злачынствы, дэманструючы выключныя здольнасці свайго інтэлекту і ўяўлення. На думку рамантыкаў, менавіта ўяўленне здольнае прадбачыць ісціну з дапамогай інтуітыўнага азарэння. Дзюпэн і Легран не пазбаўленыя рамантычнай загадкавасці, якая знайшла адлюстраванне ў іх ладзе жыцця, манерах, таемных прыхільнасцях. У той жа час яны не бягуць ад рэчаіснасці, паглыбляючыся ў самыя будзённыя бакі чалавечага жыцця. Рамантычны герой, не страчваючы выключных рысаў, набывае ў По рацыянальна ўраўнаважанае і жыццёва пераканаўчае аблічча.
Уменне Эдгара По спалучаць логіку матэматычна дакладнага аналізу з самымі неймавернымі прыхамацямі фантазіі заслужыла прызнанне ягоных сучаснікаў. Сапраўдны апафеоз палёту чалавечай фантазіі, думкі, скіраванай у неспазнанае, стварае пісьменнік у навеле «Незвычайная прыгода нейкага Ганса Пфааля» (1835). Дэтальнае апісанне падарожжа на Месяц межавала з літаратурнай містыфікацыяй. Форма паслання на Зямлю ўдзельніка палёту, пра які расказвае аўтар (прыём «апавядання ў апавяданні»), была такой праўдападобнай, што пасланне гэтае здавалася насамрэч праўдзівым.
Так званыя навукова-фантастычныя апавяданні По часта маюць сатырычную скіраванасць – супраць філістарскіх выдумак, невуцтва і неразумнасці натоўпу. Асабліва высмейвае Эдгар По культ утылітарных каштоўнасцяў сучаснага яму буржуазнага грамадства (навела «Дзялок»).
Нягледзячы на велізарнае значэнне навелістыкі По, прызнанай пры жыцці пісьменніка, ён дасягнуў несувымерна больш вялікіх адкрыццяў як паэт. Зямное жыццё паэта абарвалася, калі геніяльнасць ягоных вершаў толькі пачала адкрывацца сучаснікам.
Свае погляды на канцэпцыю паэтычнай творчасці ў цэлым По выразіў на старонках шэрагу бліскучых тэарэтычных працаў, што сталіся маніфестамі амерыканскага рамантызму. Да іх належаць перадусім «Філасофія кампазіцыі» (1846) з аўтакаментаром да легендарнага верша «Крумкач» і «Паэтычны прынцып» (1848–1849), які ўяўляе сабой найбольш разгорнуты аналіз прыроды паэтычнага мастацтва. Знаходзячыся ў цеснай сувязі з эстэтыкай еўрапейскага рамантызму («Літаратурная біяграфія» С. Т. Колрыджа, «Абарона паэзіі» П. Б. Шэлі, працы нямецкіх рамантыкаў), По выказвае шэраг новых ідэяў, актуальнасць якіх была ўсвядомленая толькі пакаленнем сімвалістаў (Ш. Бадлер, П. Валеры, В. Брусаў, К. Бальмонт).