Я дастала яе і разгледзела. Той самы колер, тая самая густата. І ўсё ж гэта было немагчыма. Як мае валасы маглі апынуцца ў замкнёнай шуфлядзе? Дрыготкімі рукамі я адчыніла свой куфар, выцягнула з яго ўсе рэчы і знайшла на дне свае валасы. Я паклала дзве касы побач – і можаце мне паверыць, яны аказаліся абсалютна аднолькавымі. Хіба гэта не дзіўна? Зусім збянтэжаная, я не ведала, што і думаць, а таму проста паклала касу назад у камоду і Рукаслам пра сваю знаходку нічога не сказала, бо адчувала, што зрабіла нядобра, адамкнуўшы зачыненую шуфляду.
Вы, мабыць, заўважылі, містэр Холмс, што я ад прыроды вельмі ўважлівая. Хутка я добра ўяўляла планіроўку ўсяго дома. Адно яго крыло выглядала як нежылое. Дзверы, што вялі туды, знаходзіліся насупраць дзвярэй у пакоі Толераў і былі на замку. Аднак аднойчы, падымаючыся па лесвіцы, я ўбачыла містэра Рукасла, які выходзіў з тых дзвярэй з ключом у руках і выглядаў зусім не так, як заўсёды. Гэта быў не той бадзёры джэнтльмен, да якога я прызвычаілася: шчокі яго пачырванелі, бровы былі гнеўна нахмураныя, а на скронях ад ярасці набухлі вены. Ён зачыніў дзверы і праляцеў міма мяне, не сказаўшы ні слова і нават на мяне не зірнуўшы.
Усё гэта абудзіла маю цікаўнасць, а таму калі я выправілася ў сад на шпацыр са сваім выхаванцам, то пайшла ў той бок, адкуль добра бачныя вокны гэтай часткі дома. Іх было чатыры ў адным шэрагу, тры – проста брудныя, а чацвертае застаўленае аканіцамі. Там, відаць, ніхто не жыў. Пакуль я прагульвалася туды-сюды, час ад часу пазіраючы ў бок закінутага крыла, да мяне выйшаў містэр Рукасл, такі ж вясёлы і жыццярадасны, як заўсёды.
– Спадзяюся, вы не палічылі мяне занадта грубым, мая дарагая лэдзі, – звярнуўся ён да мяне, – калі я праскочыў міма, нічога вам не сказаўшы. Я быў так заняты сваімі справамі!
Я запэўніла яго, што зусім не пакрыўдзілася.
– Дарэчы, – прамовіла я, – у вас там, здаецца, некалькі пустых пакояў: адно з вокнаў нават застаўленае аканіцамі.
Было заўважна, што мая заўвага яго здзівіла і нават трошкі напалохала.
– Я цікаўлюся фатаграфіяй, – адказаў ён, – а таму абсталяваў зверху цёмны пакой. Але ж якая вы назіральная! Хто б мог падумаць. Ну праўда, хто б мог падумаць!
Адказ прагучаў у жартаўлівым тоне, але ў вачах містэра Рукасла не было і ценю жартаўлівасці. Там былі падазронасць і трывога, але жартаўлівасці не было.
Што ж, містэр Холмс, з таго моманту, як я даведалася, што ў гэтых пакоях нешта ад мяне хаваецца, я загарэлася жаданнем туды трапіць. Гэта не была чыстая цікаўнасць, хаця, зразумела, без яе не абышлося. Гэта было хутчэй пачуццё абавязку – мне здавалася, што, трапіўшы туды, я зраблю нешта добрае. Часам кажуць, што ў жанчын абвостраная інтуіцыя – мажліва, менавіта яна мяне туды і цягнула. Але як бы там ні было, я мусіла туды трапіць і старанна шукала магчымасці зазірнуць за забароненыя дзверы.