Магчымасць з’явілася толькі ўчора. Мушу сказаць вам, што ў пустыя пакоі апроч містэра Рукасла заходзілі таксама Толеры, а аднойчы я ўбачыла, як слуга цягне праз дзверы вялізны чорны мяшок. Апошнімі днямі ён моцна п’е, а ўчора вечарам дык увогуле быў зусім п’яны, і калі я паднялася наверх, то ўбачыла, што ў дзвярах тырчыць ключ. Не было сумневу, што слуга яго проста забыў. Містэр і місіс Рукасл з сынам былі ўнізе – цудоўны шанец! Я асцярожна павярнула ў замку ключ, адамкнула дзверы і праслізнула ўсярэдзіну.
Перада мной быў невялікі калідор з голымі сценамі і падлогай, які ў канцы паварочваў направа. За рогам я ўбачыла шэраг з трох дзвярэй, першая і трэцяя былі адчыненыя і вялі ў пустыя пакоі, пыльныя і бязрадасныя. У першым было два вокны, у другім – адно, такое бруднае, што вечаровае святло ў пакой амаль не трапляла. Сярэднія дзверы былі зачыненыя і закладзеныя шырокай папярэчынай ад жалезнага ложка, адзін канец якой быў прымацаваны вісячым замком да кальца ў сцяне, а другі надзейна прывязаны вяроўкай. Выглядала, што дзверы зачыненыя як мае быць, а ключа побач не было. Забарыкадаваны ўваход добра стасаваўся з аканіцамі, аднак я заўважыла святло, што прабівалася праз шчылінку ўнізе, – значыць, унутры не цёмна. Відаць, святло трапляе туды з люка, які вядзе наверх. Пакуль я стаяла ў калідоры, разглядаючы злавесныя дзверы і думаючы пра таямніцу, якая за імі хаваецца, у пакоі раптам пачуліся крокі, а па тонкай палосцы святла, што прабівалася з-пад дзвярэй, прабег цень. Тут мяне ахапіў невытлумачальны шалёны жах, містэр Холмс. Напружаныя нервы не вытрымалі, я павярнулася і пабегла – так, нібыта нейкая вусцішная рука спрабавала схапіць мяне ззаду за прыпол. Я пранеслася па калідоры, праскочыла ў дзверы – і аказалася ў абдоймах містэра Рукасла, які чакаў мяне вонкі.
– Значыць, гэта былі вы, – з усмешкай сказаў ён. – Я так і падумаў, калі ўбачыў, што дзверы адчыненыя.
– Як жа я спужалася! – ледзь магла аддыхацца я.
– Мая дарагая лэдзі! – вы не ўяўляеце, як гэты голас супакойваў і суцяшаў. – Мая дарагая юная лэдзі, што вас так напалохала?
Аднак голас яго падаўся мне ажно занадта добрым. Ён перастараўся. Я была напагатове.
– Я па дурасці забрыла ў нежылое крыло, – адказала я. – Але там так пуста і злавесна і такое цьмянае асвятленне, што я спалохалася і збегла. Ох, якая ж там вусцішная цішыня!
– І гэта ўсё? – спытаў ён, пранізліва гледзячы на мяне.
– А што яшчэ? – удакладніла я.
– Як вы думаеце, чаму я замкнуў гэтыя дзверы на ключ?
– Нават не ўяўляю.
– А для таго, каб там не сноўдаліся тыя, каму там няма чаго рабіць. Зразумела? – ён усё яшчэ вельмі прыязна ўсміхаўся.