– Але гэта немагчыма, – сказала міс Хантэр. – Калі Рукаслы з’язджалі, лесвіцы не было.
– Значыць, ён вярнуўся. Я ж казаў вам, што гэта разумны і небяспечны чалавек. Я не надта здзіўлюся, калі выявіцца, што гэта яго крокі мы чуем цяпер на лесвіцы. Ўотсан, трымайце рэвальвер напагатове.
Не паспеў ён гэта сказаць, як у дзвярах з’явіўся мажны і моцны мужчына з тоўстым кіем у руках. Убачыўшы яго, міс Хантэр закрычала і падалася да сцяны, і Холмс тут жа стаў паміж ёй і Рукаслам.
– Дзе вашая дачка, нягоднік? – ускрыкнуў ён. Таўстун абабег вачыма пакой і спыніўся на адчыненым люку.
– Гэта я ў вас мушу спытаць! – завішчаў ён. – Рабаўнікі! Шпіёны і рабаўнікі! Я вас злавіў! Цяпер вы ў маёй уладзе! Вы ў мяне паскачаце!
Тут ён вылецеў з пакоя і прагрукатаў уніз па лесвіцы.
– Ён пабег па сабаку! – закрычала міс Хантэр.
– У мяне ёсць рэвальвер, – супакоіў яе я.
– Лепш зачынім парадныя дзверы, – схамянуўся Холмс, і мы трое кінуліся ўніз. Не паспелі мы дабегчы да вітальні, як на дварэ пачулася браханне сабакі і амаль адразу ж – жудасны крык у суправаджэнні такіх вусцішных гукаў, што было страшна іх нават чуць. З бакавых дзвярэй выпаўз стары з чырвоным тварам і дрыготкімі рукамі.
– Божа мой! – выгукнуў ён. – Нехта выпусціў сабаку, а яго два дні не кармілі! Хутчэй, спадарства, хутчэй, а то будзе позна!
Мы з Холмсам кінуліся вонкі і следам за Толерам завярнулі за рог дома. Чорная вялізная згаладалая пачвара рвала горла Рукаслу, які курчыўся і крычаў на зямлі. Падбегшы бліжэй, я адным стрэлам выбіў зверу мазгі, і той паваліўся, так і не адпусціўшы тоўстую, усю ў складках, шыю ахвяры. З вялікімі цяжкасцямі мы аслабілі гэтую мёртвую хватку і перанеслі Рукасла, жывога, але страшэнна скалечанага, у дом. Паклаўшы яго на канапу ў гасцёўні і адправіўшы працверазелага Толера да жонкі, я паспрабаваў хоць неяк дапамагчы параненаму. Мы ўсе стаялі вакол яго, калі дзверы адчыніліся і ў пакой увайшла худая высокая жанчына.
– Місіс Толер! – усклікнула міс Хантэр.
– Так, міс. Містэр Рукасл вызваліў мяне, калі вярнуўся, і толькі потым пабег да вас. Як шкада, міс, што вы не расказалі мне пра свае планы. Я б вас папярэдзіла, што высілкі вашыя дарэмныя.
– Ага, – прагаварыў Холмс, пільна гледзячы на яе. – Місіс Толер відавочна ведае пра гэтую справу больш, чым хто яшчэ.
– Так, сэр, і я гатовая расказаць усё, што ведаю.
– Тады прашу вас, сядзьце і праясніце некаторыя моманты, якія, прызнаюся шчыра, дагэтуль не зусім мне зразумелыя.
– Хутка вы ўсё зразумееце, – сказала яна, – і зразумелі б яшчэ раней, калі б не засадзілі мяне ў гэты склеп. Калі ўмяшаецца паліцыя, не забудзьце сказаць ім, што я дапамагала і вам, і міс Эліс таксама.