– Але пры чым тут яно? – усклікнуў я.
– Дарагі мой Ўотсан, вы як медык мусілі сутыкацца з тым, што па паводзінах бацькоў няцяжка прадказаць паводзіны іх дзяцей. Няма сумневу, што гэтае правіла дзейнічае і ў адваротным кірунку. Мне не раз даводзілася даследаваць нораў бацькоў, назіраючы за іх дзецьмі. У нашым выпадку хлопчык падаецца ненатуральна жорсткім, жорсткасць вабіць яго сама па сабе, і ад каго б ён ні атрымаў яе ў спадчыну – ад жыццярадаснага бацькі, як я падазраю, ці ад маці, – яна ў любым разе тоіць небяспеку для бядачкі, якая аказалася ў іх уладзе.
– Вы маеце рацыю, містэр Холмс! – усклікнула нашая кліентка. – Цяпер мне прыгадваюцца тысячы драбніцаў, якія пацвярджаюць вашую думку! Нельга губляць ні хвіліны, трэба ратаваць гэтае няшчаснае стварэнне!
– Варта быць асцярожнымі, бо наш праціўнік – чалавек вельмі хітры. Да вечара мы нічога зрабіць не можам. У сем мы будзем у вас і хутка з гэтай таямніцай разбярэмся.
Мы стрымалі слова і роўна ў сем прыбылі ў Лясныя Букі, пакінуўшы двухколку ля прыдарожнай карчмы. Маёнтак мы пазналі б адразу дзякуючы купе дрэваў, цёмнае лісце якіх блішчэла ў святле вечаровага сонца, як адпаліраваны метал, нават калі б на парозе не стаяла з усмешкай на твары міс Хантэр.
– Справіліся? – спытаў Холмс. Аднекуль знізу пачуўся рэзкі грукат.
– Гэта місіс Толер у склепе, – адказала нашая кліентка. – Яе муж храпе на кухонным дыванку. Вось ключы, такія ж, як у містэра Рукасла.
– Вы цудоўна папрацавалі! – захоплена ўсклікнуў Холмс. – Цяпер паказвайце дарогу, і мы хутка з гэтай чорнай справай разбярэмся.
Мы падняліся наверх, адамкнулі дзверы, прайшліся калідорам і аказаліся перад забарыкадаванымі дзвярамі, пра якія расказвала міс Хантэр. Холмс перарэзаў вяроўку і адсунуў папярэчыну. Потым паспрабаваў адамкнуць дзверы рознымі ключамі, але ніводзін з іх не падышоў. У пакоі панавала цішыня, і твар Холмса спахмурнеў.
– Спадзяюся, мы не спазніліся, – прамовіў ён. – Думаю, міс Хантэр, нам лепш зайсці туды без вас. Так, Ўотсан, давайце падналяжам і паглядзім, ці справімся мы тут сілай.
Дзверы былі старыя і расхістаныя, а таму адразу паддаліся нашаму напору. Мы з Холмсам уварваліся ў пакой, але там было пуста. У ім не было ніякай мэблі, апроч маленькага ўбогага ложка, століка і каша з бялізнай. Люк уверсе быў адчынены – зняволеная збегла.
– Тут адбылося нешта нядобрае, – прамовіў Холмс. – Наш прыгажун пранюхаў, што ў міс Хантэр наўме, і забраў сваю ахвяру.
– Але як?
– Праз люк. Зараз мы пра ўсё дазнаемся, – з гэтымі словамі ён выбраўся на дах. – Ага, вось і канец вяровачнай лесвіцы, прывязанай да карніза. Цяпер усё зразумела.