Ён пацалаваў яе, аддаліўся ад пяшчотнай цеплыні яе сну, азірнуўся вакол, павярнуўся назад. Звон напомніў яму, наколькі позняя ўжо была ноч, але адначасова стваралася ўражанне, што ён апавяшчае канчатак цяжкой гадзіны. Ён уздыхнуў, яго вусны моцна сціснуліся; ён пайшоў і ўзяўся за пяро… Каб толькі не ўдавацца ў роздум! Ён быў занадта глыбакадумны, каб марна ламаць сабе галаву! Не заглыбляцца ў хаос, ва ўсякім разе не затрымлівацца там! Наадварот: з хаосу, які ўяўляе сабою напоўненасць, падняць на святло тое, што здольнае і саспела ўжо, каб набыць форму. Не заглыбляцца ў роздум – працаваць! Абмяжоўваць, выключаць, надаваць форму, паспяхова закончыць…
І ён быў закончаны, гэты пакутны твор. Магчыма, ён быў не вельмі ўдалы, але – закончаны. І калі ён быў закончаны – зірні! – то ён быў дасканалы. І з яго душы, з музыкі і задумы, прабіваліся новыя творы, звонкія зіхатлівыя ўтварэнні, якія ў свяшчэннай форме неслі згадкі пра бясконцую радзіму, як тая ракавінка – пра мора.
Смерць у Венецыі
Смерць у Венецыі
I
I
Густаў Ашэнбах, ці фон Ашэнбах, як афіцыйна пачало гучаць яго прозвішча пасля яго пяцідзесяцігоддзя, у адзін з веснавых надвячоркаў 19.. года, які ўжо на працягу месяцаў шчэрыўся так пагражальна нашаму кантыненту, выправіўся са свайго жытла на Прынцрэгентштрасэ ў Мюнхене на далёкі шпацыр. Занадта раздражнёны цяжкаю і небяспечнаю працаю перадвячэрніх гадзін, якая цяпер яшчэ патрабавала і павышанай абачлівасці, асцярожнасці, праніклівасці і дакладнасці волі, пісьменнік і папаўдні не мог даць рады з творчым імпэтам у душы, які…, таго
Быў пачатак траўня, і пасля вільготных і халодных тыдняў надышло падманнае спякотнае лета. Англійскі сад, хоць і апрануты яшчэ толькі першай пяшчотнаю лістотаю, быў душны, як бывае ў жніўні паблізу гораду, перапоўненага экіпажамі і людзьмі. У Аўмайстара, куды прывялі яго ціхія і вельмі ціхія сцяжынкі, Ашэнбах на нейкі кароткі час прыпыніўся, каб агледзець ажыўлены рэстаран на вольным паветры, каля якога стаялі дрожкі і карэты, і адтуль пры заходзе сонца ён накіраваўся дадому не цераз парк, а цераз адкрытае поле, і, адчуўшы змору, ды і на Фёрынг акурат насоўвалася навальніца, пачакаў каля Паўночных могілак трамвая, які і павінен быў прывезці яго без перасадак назад у горад.