Светлый фон

Ён выпадкова натрапіў на прыпынак, людзей на якім не было. Ні на вымашчанай Унгерэрштрасэ, ззяючыя рэйкі з якой адзінока вялі на Швабінг, ні на Фёрынгскай шашы не відаць было ніводнага экіпажа; за агароджамі каменяломняў, дзе выстаўленыя на продаж крыжы і памятныя дошкі ды манументы ўтваралі нешта накшталт кладоў без магіл, нічога не давала знаць пра сябе, а візантыйская пабудова для адпявання насупраць ляжала маўкліва ў водблісках нізкага сонца. Яе парадны бок, упрыгожаны грэчаскімі крыжамі і іератычнымі выразнымі таблічкамі, выяўляў яшчэ, паўзверх усяго, сіметрычна размешчаныя афарызмы пазалочанымі літарамі, выбраныя цытаты з Бібліі, якія датычацца жыцця на тым свеце, як напрыклад: "Яны ўваходзяць у Боскі дом" альбо: "Няхай ім свеціць вечнае святло"; і Ашэнбах, чакаючы трамвая, на працягу некалькіх хвілін амаль забыўся пра рэальнасць, бо чытаючы гэтыя выслоўі, ён заглыбляўся не ў іх духоўны сэнс, а ў іх містыку, якая збівае з тропу; калі ж Ашэнбах, вяртаючыся са сваіх трызненняў, у порціку, над дзвюма апакаліптычнымі жывёлінамі, якія вартавалі адкрытую лесвіцу, заўважыў чалавека, то не зусім звычайны выгляд апошняга надаў яго думкам зусім іншы напрамак.

Адкуль ён з’явіўся – з сярэдзіны памяшкання цераз бронзавыя дзверы капліцы або незаўважна ўвайшоў і выйшаў знадворку, – было невядома. Ашэнбах, асабліва не засяроджваючыся на гэтым пытанні, схіліўся больш да першага меркавання. Сярэдняга росту, хударлявы, без барады й вусоў і незвычайна кірпаносы, чалавек належаў да катэгорыі рудых, і, адпаведна гэтаму, у яго была малочна-белая, абсеяная рабаціннем скура. Паводле знешнасці ён быў, напэўна, не баварац: пагатоў саламяны капялюш з шырокімі і простымі палямі, надзеты ў яго на галаве, выдаваў у ім іншаземнага прыезджага. Што праўда, у яго за плячыма быў тыповы для гэтай мясцовасці заплечнік, выцвілы гарнітур, здавалася, з грубага сукна з поясам, а цераз левую руку, локцем якой ён упіраўся ў бок, звісала накідка ад дажджу; у правай руцэ ў яго быў кіёк з завостраным наканечнікам, які быў з нахілам уваткнуты ў зямлю і на сагнутую рукаятку якога ён, скрыжаваўшы ногі, абапіраўся сцягном. Ён стаяў з узнятаю галавою, так што на яго хударлявай шыі над каўняром спартыўнай кашулі свабоднага крою вытыркаўся вялікі голы кадык; чалавек пазіраў, зорка сочачы за наваколлем, бясколернымі, з пачырванелымі павекамі вачыма, паміж якімі, неяк дзіўна суадносячыся з яго кароткім задзёртым уверх носам, месціліся дзве вертыкальныя энергічныя зморшчыны. Такім чынам – магчыма, гэтаму ўражанню спрыяла яго месца знаходжання, што было ўзвышаным і ўзвышала яго, – ягоная поза выглядала ўладна ўсёвідушчаю, адважнаю і нават дзёрзкаю; бо калі ён, аслеплены, глядзеў, крывячы твар, на сонца, якое заходзіла, або штосьці іншае правакавала ў ім працяглую скрыўленую грымасу, то яго вусны здаваліся занадта кароткімі, цалкам адцягнутымі ўверх над зубамі, так што тыя, белыя і доўгія, проста тырчалі з аголеных дзяснаў.