Магчыма, Ашэнбах падчас свайго нядбайнага, мала зацікаўленага разгляду незнаёмца быў не вельмі абачлівым; бо раптам ён заўважыў, што той таксама накіраваў свой позірк у яго бок, ды яшчэ так ваяўніча, вочы ў вочы, з такім відавочным намерам не саступіць, прымусіць іншага адвесці позірк, што Ашэнбах з непрыемным адчуваннем адвярнуўся і скіраваўся ўздоўж агароджы і адначасова вырашыў не звяртаць увагі на таго мужчыну. У наступнай хвілі ён і забыўся пра яго. Але ці то вандроўная прыгода ў асобе незнаёмца зрабіла ўплыў на сілу яго ўяўлення, ці то нейкая іншая псіхалагічная або душэўная з’ява ўмяшалася, але ён абсалютна раптоўна адчуў дзіўнае абвастрэнне сваіх пачуццяў, нешта накшталт нарастання трывогі, юначай прагі падацца ў далячынь – пачуцця зусім новага ці ад якога Ашэнбах ужо даўно адвык; у выніку ён, захоплены, спыніўся з рукамі за спінаю і ўтаропіўшыся ў дол, каб праверыць сутнасць і мэту гэтага адчування.
Гэта была жарсць вандроўніка, нічога іншага; але яна сапраўды навалілася на яго, як прыступ хваробы, і ператварылася ў жарснае імкненне, вырастаючы да трызнення. Ён быццам імкнуўся ўбачыць усе цуды і жахі такой разнастайнай зямлі, якая раптам пажадала ўявіць сабе яго прагу. Ён бачыў, быццам наяве, незвычайны пейзаж, трапічныя балоты, пышныя і нездаровыя, пад густа зацягнутым небам, набрынялым вільгаццю; дзікасць першабытнага свету, якой пазбягаюць людзі, і ручаіны, якія выцякаюць з астравоў, балот і гразі; ён убачыў зямлю, засыпаную лістамі, таўшчынёю з далонь, вялізнымі папарацямі, тлустай і сакавітаю расліннасцю, якая буяла, – там валасатыя ствалы пальмаў сягалі ў вышыню, а таксама дзіўна перакручаныя дрэвы, карані якіх выбіваліся са ствалоў і праз паветра апускаліся ў зямлю, у ваду, утвараючы заблытаныя спляценні. На перарывістай плыні, у якой адбіваліся зялёныя цені, плавалі малочнага колеру кветкі велічынёю з талерку; нябачаныя ніколі птушкі, натапыраныя, з бясформеннымі дзюбамі, стаялі на высокіх нагах у плыткай вадзе і нерухома глядзелі некуды ўбок, у той час як праз вялізныя бамбукавыя палі прабіваліся бразгатлівы скрыгат і шум, быццам праз браніраванае войска; у таго, хто гэта бачыў, з’яўлялася ўражанне, што на яго дыхае нешта цеплаватае, гнілое ад гэтай юрлівай і непрыдатнай пустэльні, якая, здавалася, лунала ў жудасным стане станаўлення ці заняпаду паміж вузлаватымі трубкаватымі стваламі бамбукавага гушчару; яму здалося ў нейкі момант, што ён бачыць фасфарытны бляск агеньчыкаў-вачэй тыгра, і ён адчуў, як яго сэрца затрапятала ад жаху і загадкавага поцягу. Потым відовішча знікла; Ашэнбах, пахітаўшы галавою, працягнуў свой шпацыр уздоўж агароджаў майстэрняў, дзе вырабляліся надмагільныя камяні.