Знаходзячыся пад лекарскім назіраннем, хлопчык быў выключаны са школьнага асяроддзя і вымушаны вучыцца дома. Ён вырас самотны, без таварышаў і, тым не менш, рана ўсвядоміў, што ён належыць да роду, у якім не талент быў рэдкасцю, а фізічная аснова, патрэбная дзеля рэалізацыі гэтага таленту, – гэта быў род, які мае звычку змоладу выяўляць свае найлепшыя якасці, але рэдка зберагае свае здольнасці да самай старасці. А яго ўлюбёным словам было "вытрымаць": у сваім рамане, прысвечаным Фрыдрыху, ён бачыў толькі апафеоз гэтага загаднага слова, якое здавалася яму пакутна-актыўнаю рысаю цноты. Ён моцна жадаў таксама дажыць да старасці, бо здаўна лічыў, што назваць сапраўды вялікім, ўсёабдымным, нават напраўду вартым гонару, можна толькі такі занятак мастацтвам, якому было наканавана быць у сваёй сутнасці плённым на ўсіх ступенях чалавечнасці.
Але з той прычыны, што абавязкі, якімі нагрузіў яго талент, ён мусіў несці на сабе, рухаючыся з імі наперад, яму патрэбна была суровая дысцыпліна, а яна, на шчасце, была ўзятая ім у спадчыну ад бацькі. Ва ўзросце сарака-пяцідзесяці гадоў, калі іншыя ўжо б’юць бібікі, мараць, спакойна адкладаюць на потым ажыццяўленне высокіх планаў, ён пачынаў свой дзень, абліваючы сабе халоднаю вадою грудзі і плечы, а потым, у святле некалькіх высокіх васковых свечак у срэбных падсвечніках абапал рукапісаў, цягам дзвюх-трох ранішніх гадзін шчыра аддаваў сілы, назапашаныя ў сне, у ахвяру мастацтву. І гэта было даравальна… Ды не, гэта было, шчыра кажучы, перамогаю яго маральнасці – калі недасведчаныя лічылі свет "майя" ці эпічныя пасажы, у якіх разгортвалася гераічнае жыццё Фрыдрыха, прадуктам вымучанай энергіі і напружанай працы, у той час калі ў сапраўднасці яны складаліся штодня з соцень асобных натхнёных момантаў у адно вялікае цэлае; яны толькі такім чынам і стваралі цалкам і ў кожным пункце выдатнае ўражанне, бо іх творца, дзякуючы сіле волі і ўпартасці, падобнай да той, з якою была засвоена родная яму мясцовасць, рабіў на працягу гадоў напружаную працу над адным і тым самым творам – працу, выключна на вынік якой ён скарыстаў свае самыя моцныя і самыя каштоўныя гадзіны.
Дзеля таго каб значны мастацкі твор адразу мог зрабіць уплыў, павінна існаваць глыбокая роднаснасць, нават суладнасць паміж асабістым лёсам яго аўтара і агульным лёсам сучаснага яму пакалення. Людзі не ведаюць, чаму яны ўслаўляюць мастацкі твор. Зусім не спецыялісты, яны спадзяюцца знайсці ў ім сотні пераваг, каб такім чынам апраўдаць такую вялікую спагаду; але папраўдзе гэтая падтрымка – штосьці невымяральнае, гэта сімпатыя. Ашэнбах аднойчы непасрэдна выказаў гэта ў не вельмі прыкметным месцы, адзначыўшы, што амаль усё вялікае, што існуе, існуе як "насуперак" і з’явілася насуперак бядзе і пакутам, беднасці, занядбанасці, фізічнай слабасці, заганам, жарсцям і тысячам перашкод. І гэта было больш, чым проста заўвага, гэта быў досвед – а менавіта, формула яго жыцця і славы, ключ да ягонай творчасці; таму няма ніякага дзіва ў тым, калі гэта было таксама маральнаю асноваю, вонкавым выяўленнем яго самых своеасаблівых вобразаў.