Светлый фон

Такія думкі валодалі ім, пакуль мацнеў, набліжаючыся, грукат трамвая на Унгерэрштрасэ, а ўваходзячы ў яго, ён вырашыў прысвяціць гэты вечар вывучэнню карты і даведніка руху пасажырскага транспарту. На платформе яму захацелася яшчэ раз глянуць, дзе той чалавек у саламяным капелюшы, хаўруснік у баўленні часу на прыпынку з багатымі, як потым выявілася, вынікамі. Але куды той падзеўся, Ашэнбах не здолеў высветліць, бо яго не было ні на тым ранейшым месцы, ні на прыпынку, ні ў вагоне.

II

II

Аўтар даходлівай і магутнай эпапеі пра жыццё Фрыдрыха Прускага, цярплівы мастак, які ва ўпартым старанні са шматлікіх вобразаў, чалавечых лёсаў, карыстаючыся ідэяй, стварыў раман, свайго кшталту шматколерны дыван, пад назвай "Майя"; творца такога моцнага апавядання пад назваю "Галетнік", які прадэманстраваў усяму маладому пакаленню магчымасць маральнай рашучасці нават пры адсутнасці самых глыбокіх ведаў; нарэшце, аўтар (толькі коратка называючы творы яго сталага перыяду) жарснага трактата пра "дух і мастацтва", упарадкавальная сіла і супярэчлівае красамоўства якога далі магчымасць сур’ёзным крытыкам паставіць яго непасрэдна побач з роздумам Шылера пра наіўную і сентыментальную паэзію, – Густаў Ашэнбах нарадзіўся ў Л., акруговым горадзе ў Сілезіі ў сям’і высокага чыноўніка-юрыста. Яго продкамі былі афіцэры, суддзі, службоўцы – людзі, якія вялі сваё нескладанае, прыстойна сціплае жыццё на службе каралю і дзяржаве. Больш глыбокая духоўнасць праявілася сярод іх аднойчы ў асобе прапаведніка; больш неспакойную, пачуццёвую кроў прынесла ў сям’ю мінулага пакалення маці паэта, дачка чэшскага капельмайстара. Ад яго ён успадкаваў прыкметы чужой расы ў знешнасці. Спалучэнне службова цвярозай сумленнасці з больш змрочнымі і гарачымі імпульсамі спарадзіла мастака, гэтага незвычайнага мастака.

З той прычыны, што ўся яго сутнасць была падпарадкаваная дасягненню славы, ён калі і не рана выявіў сябе пасталелым, то дзякуючы рашучасці і асабістай дакладнасці інтанацый, грамадскасць палічыла яго сталым і ўвішным. Ці не гімназістам ён ужо зрабіў сабе імя. Праз дзесяць гадоў ён навучыўся дэманстраваць сябе, не адыходзячы ад пісьмовага стала, кіраваць сваёю славаю адным толькі сказам у лісце, які мусіў быць кароткім (бо на паспяховага прыстойнага чалавека навальваецца вельмі шмат зваротаў), зычлівым і значным. Саракагадовы, змораны цяжкасцямі і разнастайнымі падзеямі ўласнай працы, ён мусіў кожны дзень разбіраць пошту з маркамі ўсяго свету.

Яго таленту былі гэтаксама чужымі банальнасці, як і эксцэнтрычнасць; яму было наканавана адначасова прыцягваць на свой бок як веру шырокай публікі, так і ўхвальную, патрабавальную зычлівасць абраных. Бо яшчэ юнаком нацэлены з усіх бакоў абавязкова мець поспех – і нават надзвычайны, – ён ніколі не ведаў вольных забаў, ніколі не выказваў юначай нядбайнасці. Калі ва ўзросце трыццаці пяці гадоў ён у Вене захварэў, то адзін вытанчаны аглядальнік выказаўся на людзях пра яго: "Бачыце, Ашэнбах ужо здавён жыў толькі так, – і прамоўца шчыльна сціснуў пальцы левай рукі ў кулак, – ніколі так", і ён вольна звесіў раскрытую далонь з падлакотніка крэсла. Гэта трапіла ў яблычак, бо яго адважная маральнасць палягала ў тым, што яго натура, якая менш за ўсё адрознівалася грубай устойлівасцю, але знаходзілася ў заўсёднай напрузе, па-сапраўднаму яшчэ не сфарміравалася.