Светлый фон

Надвор’е назаўтра не палепшылася. Дзьмуў берагавы вецер. Пад бляклым, зацягнутым хмарамі небам мора ляжала нерухома, быццам скурчыўшыся, з сумна блізкім даляглядам; яно так далёка адступіла ад берага, што пясчаныя водмелі агаліліся. Калі Ашэнбах адчыніў акно, яму падалося, што ён адчуў застаялы пах лагуны.

Настрой сапсаваўся. Ён адразу ж падумаў пра ад’езд. Аднойчы, шмат гадоў таму, пасля двух сонечных веснавых тыдняў яго заспела тут такое самае надвор’е і так сапсавала самаадчуванне, што ён мусіў падацца з Венецыі наўцёкі. Ці не апаноўвала яго зноў, як тады, ліхаманкавае раздражненне, ціск у скронях, цяжар у павеках? Мяняць яшчэ раз месца – ці не занадта? Але калі вецер не зменіцца, то заставацца тут будзе няможна. На ўсялякі выпадак, ён да канца не распакоўваўся. А дзявятай гадзіне ён паснедаў у буфеце паміж вестыбюлем і сталоўкаю.

У памяшканні панавала ўрачыстая цішыня – амбіцыйны складнік любога вялікага гатэля. Абслуга хадзіла ціха, амаль нячутна. Лёгкае бразганне прыбора для гарбаты; слова, вымаўленае паўшэптам, – гэта ўсё, што можна было пачуць. У адным кутку, наўскасяк ад дзвярэй і праз два сталы ад ягонага, Ашэнбах заўважыў юных полек з выхавацелькаю. З абсалютна выпрастанымі спінамі, з нанава прычасанымі русымі валасамі, у моцна накрухмаленых сініх ільняных сукенках з маленькімі белымі адкіднымі каўнерыкамі і манжэтамі, яны сядзелі і перадавалі адна адной слоік з варэннем. Яны ўжо амаль далі рады са сняданкам. Хлопчыка з імі не было.

Ашэнбах усміхнуўся. "Ну, малы сібарыт! – падумаў ён. – У цябе, здаецца, ёсць перавага перад імі: ты можаш спаць, колькі захочаш". І, раптам павесялелы, ён сам сабе працытаваў радок:

"Змена ўпрыгожанняў, цёплая ванна і ціша…"

Ён снедаў без спеху; парцье, які ўвайшоў у залу ў фуражцы з галунамі, перадаў яму пошту, і ён, палячы цыгарэту, распячатаў некалькі лістоў. Так і атрымалася, што ён быў тут, калі з’явіўся юны аматар паспаць, якога яшчэ чакалі.

Ён зайшоў цераз шкляныя дзверы і накіраваўся, перасякаючы памяшканне ўпоперак, проста да стала сясцёр. Яго хада, як праз паставу цела, так і праз згінанне ног у каленках, дотык падэшваў белага абутку да зямлі, была надзвычай прывабнаю, вельмі лёгкаю, але адначасова пяшчотна-ганарліваю ды яшчэ ўпрыгожанай дзіцячаю сарамлівасцю, з выразам якой ён, ідучы, двойчы павярнуў галаву да залы, шырока расплюшчыў вочы і апусціў іх долу. З усмешкаю ён паўшэптам штосьці прамовіў са сваім лагодна-расплывістым вымаўленнем і заняў сваё месца за сталом; і толькі цяпер, калі ён павярнуўся да гледача сваім дасканалым профілем, Ашэнбах яшчэ раз здзівіўся, нават спалохаўся, сапраўды боскай прыгажосці дзіцяці чалавечага. Хлопчык меў сёння на сабе лёгкую блузу ў сінюю і белую палоскі з чырвоным шоўкавым бантам на грудзях, а шыю захінаў просты белы стаячы каўнер. Але над гэтым каўняром, які не вельмі пасаваў паводле элегантнасці да касцюма, узвышаўся бутон галавы непараўнальнай чароўнасці – галава Эраса, жаўтавата ззяючая, як парнаскі мармур, з тонкімі і сур’ёзнымі бровамі; яго скроні і вуха былі лёгка акрытыя кудзерамі, што вертыкальна спадалі.