І вось ён убачыў яго зноў, самы дзіўны прычал, асляпляльную кампазіцыю фантастычнай пабудовы, якую рэспубліка дэманстравала пачцівым позіркам марскіх пасажыраў, калі тыя набліжаліся: ажурную прыгажосць палаца і Мост Уздыхаў, калоны са львом і Святым Маркам на беразе, пыхлівы выступ крыла казачнага храма, від на арку ды вялізны гадзіннік; і гледзячы на ўсё гэта, Ашэнбах разважаў, што прыязджаць у Венецыю сухапутным шляхам праз вакзал, азначала б тое самае, што ўваходзіць у палац цераз заднія дзверы, і што ў гэты самы неверагодны горад нельга прыбываць іначай, як на караблі, як праз адкрытае мора.
Машына заглухла, з’явілася процьма гандол, на бераг быў спушчаны трап, на борт падняліся мытнікі і заняліся сваёю справаю. Можна было пакідаць карабель. Ашэнбах даў зразумець, што яму патрэбна гандола, каб з багажом дабрацца да станцыі маленькіх параходаў-вапарэта, якія курсіруюць паміж горадам і Ліда; ён планаваў знайсці жытло каля мора. Яго намер ухвальваюць, яго жаданне выкрыкваюць уніз, каб чутно было на вадзе, дзе гандальеры спрачаюцца між сабою на дыялекце. Ён яшчэ не можа сысці ўніз, яго затрымлівае валіза, якую з цяжкасцю цягнуць па вяровачнай лесвіцы. Так на некалькі хвілін ён робіцца няздольным унікнуць напору жудаснага старога, якога змрочны хмель штурхае пачціва развітацца з незнаёмцам. "Мы жадаем шчасліва правесці час, – мармыча стары, шоргаючы нагамі. – Прыемных успамінаў!
Яго вусны робяцца вільготнымі, ён заводзіць вочы, ён аблізвае куточкі рота, і падфарбаваныя вусікі на старэчай губе падскокваюць угару. "Было вельмі прыемна! – мармыча ён, падносячы два пальцы да вуснаў, – нашы кампліменты ўлюбёнцу, самаму ўлюбёнаму, прыгажунчыку…" І раптам яго ўстаўленыя верхнія зубы выпадаюць на ніжнюю губу. Ашэнбах змог прайсці міма. "Улюбёнцу, цудоўнаму ўлюбёнцу", – чуў ён за спінаю буркатлівыя, гартанныя і заіклівыя гукі, пакуль, трымаючыся за вяровачныя парэнчы, спускаўся ўніз па нетрывалым трапе.
Каму не даводзілася перамагаць імгненны жах, патаемны сполах і разгубленасць, калі трэба было ўпершыню або даўно адвыкшы садзіцца ў венецыянскую гандолу? Дзіўны транспартны сродак, які застаўся да нашых дзён нязменным з часоў старажытнасці, і такі незвычайна чорны, якімі не бываюць іншыя рэчы – хіба што труны. Такая паездка нагадвае пра бясшумныя злачынныя прыгоды бурлівай ноччу, і яшчэ больш яна нагадвае пра самую смерць, пра магільныя насілкі і змрочнае пахаванне ды пра апошнюю маўклівую паездку. І ці заўважылі вы, што сядзенне такой шлюпкі – гэтае лакіраванае, чорнае, як труна, у матава-чорнай абіўцы крэсла з падлакотнікамі – самае мяккае, самае пышнае, самае ўтульнае сядзенне ва ўсім свеце? Ашэнбаху гэта кінулася ў вочы, калі ён усеўся каля ног гандальера насупраць свайго багажу, які ляжаў, ахайна складзены, каля носа гандолы. Весляры ўсё яшчэ сварыліся, рэзка, незразумела, з пагрозлівымі мінамі на тварах. Але адмысловая цішыня горада на вадзе, здавалася, мякка паглынала іх галасы, пазбаўляла іх цялеснасці, распыляла іх над вадою. Тут, у порце, было цёпла. Пад лагодным подыхам сірока, усеўшыся паміж утульных падушак, падарожнік заплюшчыў вочы, адчуваючы задавальненне ад такога незвычайнага і салодкага расслаблення. "Паездка будзе кароткаю, – падумаў ён сабе, – няхай бы яна цягнулася бясконца!" Ад лёгкага пагойдвання ён адчуў, што паволі аддаляецца ад гармідару, бязладдзя галасоў.