Светлый фон

Ашэнбах паспрабаваў паківаць яму пальцам. "Табе ж, Крытабул, я параю, – падумаў ён з усмешкай, – годзік павандруй! Бо табе трэба гэтулькі часу, каб паправіцца"[77]. А потым ён паснедаў буйнымі, спелымі трускалкамі, якія ён купіў у аднаго гандляра. Зрабілася вельмі цёпла, хоць сонца ніяк не магло прабіцца цераз заслону смугі на небе. Вяласць затуманіла розум, у той час як пачуцці зазнавалі радасць і асалоду ад незвычайнай і ашаламляльнай цішыні мора. Здагадацца, выведаць, што ж гэта за імя, якое гучала прыкладна як "Адзя", падалося сур’ёзнаму мужчыну прыдатнай, цалкам выканальнай задачаю і адпаведным заняткам. І, звярнуўшыся да пэўных польскіх успамінаў, ён падумаў, што, мусіць, маецца на ўвазе "Тадзя", што ў воклічы гучала як "Тадзю".

Тадзя купаўся. Ашэнбах, які страціў яго з поля зроку, заўважыў далёка ў моры ягоныя галаву і рукі, якімі ён узмахваў, грабучы; а мора, здаецца, было спакойна-роўнае, наколькі сягала вока. Але вось ужо наконт яго выявілася трывога: жаночыя галасы ад кабінак пачалі выкрыкваць яго імя, якое распаўсюдзілася па пляжы, нібы нейкі лозунг, і, дзякуючы лагодным гукам у ім, падоўжанаму "ю-у" ў канцы, утрымлівала ў сабе штосьці салодкае і дзікаватае адначасова: "Тадзю-у, Тадзю-у!" Ён падпарадкаваўся воклічам – і вось ужо бег па непадатлівай вадзе, узбіваючы нагамі пену, з адкінутаю назад галавою; бачыць, як жывая істота, па-юначы прывабная і няўклюдная, з мокрымі кудзерамі, прыгожая, як пяшчотны бог, які вынырвае з глыбінь неба і мора, вызваліўшыся ад стыхіі, – назіранне за ўсім гэтым стварала міфічнае ўражанне, нібыта хлопец быў вестуном паэзіі ад старажытных часоў, ад першапачатку формы і нараджэння багоў. З заплюшчанымі вачыма Ашэнбах прыслухаўся да спеву, які загучаў у яго душы, і яшчэ раз падумаў, што тут яму добра і што ён застанецца.

Потым Тадзя, адпачываючы пасля купання, ляжаў на пяску, захутаўшыся ў сваю белую прасціну, працягнутую пад праваю пахаю, паклаўшы галаву на голую руку; і нават тады, калі Ашэнбах не назіраў за ім, зачытаўшыся старонкамі кнігі, ён амаль ніколі не забываўся, што хлопец ляжыць там, непадалёк, і што варта яму толькі крышку павярнуць галаву направа, каб убачыць штосьці вартае захаплення. Яму нават здавалася, нібыта ён сядзіць побач, каб сцерагчы таго, які спачывае, займацца сваімі справамі й адначасова быць у заўсёднай насцярожанасці наконт шляхетнага вобраза чалавека справа, недалёка ад яго. І бацькоўская пяшчота, кранальная прыхільнасць таго, хто, ахвяруючы сабою, стварае духоўную прыгажосць, да таго, хто валодае прыгажосцю, запоўніла і ўсхвалявала яго сэрца.