Светлый фон

Цераз залу прайшоў афіцыянт і на англійскай мове аб’явіў, што вячэра гатовая. Паступова людзі прайшлі цераз шкляныя дзверы ў сталоўку. З фае з боку ліфтаў падыходзілі і накіроўваліся туды ж тыя, хто прыпазніўся. У сталоўцы пачыналі падаваць на сталы, але маладыя палякі яшчэ затрымліваліся каля бамбукавага століка, і Ашэнбах, утульна ўладкаваўшыся ў глыбокім крэсле і цешачыся прыгажосцю за акном, вырашыў пачакаць, як і яны.

Гувернантка, кабета невысокая, у целе, з чырвоным тварам, нарэшце падала знак, што трэба ўставаць. З высока паднятымі бровамі яна адсунула сваё крэсла і пакланілася, калі ў памяшканне ўвайшла высакарослая дама, апранутая ў шэра-светлае і багата ўпрыгожаная пацеркамі. Паводзіны гэтай дамы былі халоднымі і стрыманымі, укладка яе лёгка прыпудранай фрызуры, а таксама крой сукенкі вылучаліся прастатою, якая вызначае той густ, дзе пабожнасць належыць да складнікаў шляхетнасці. Яна магла б быць жонкай высокага нямецкага чыноўніка. Здагадацца пра тое, што гэта – фантастычна багатая жанчына, можна было толькі па адным: па яе ўпрыгожаннях, якія, мусіць, сапраўды не мелі цаны і якія складаліся з завушніц ды вельмі доўгага ланцужка з трох нітак, з нанізанымі на іх вялікімі, з вішню, лагодна мігатлівымі пацеркамі.

Дзеці хуценька ўсталі. Яны нахіліліся, каб пацалаваць руку маці, якая са стрыманай усмешкаю на крыху змораным вастраносым твары зірнула паўзверх іх галоў і прамовіла некалькі слоў на французскай мове ў адрас выхавацелькі. Потым яна пайшла да шкляных дзвярэй. Дзеці пайшлі ўслед за ёю: дзяўчаткі ва ўзроставай паслядоўнасці, за імі – гувернантка, нарэшце – хлопчык. Перш чым пераступіць парог, ён, невядома чаму, азірнуўся, і яго незвычайна цёмна-шэрыя вочы сустрэліся з позіркам Ашэнбаха – а болей у памяшканні нікога не было, – які з газетаю на каленях задумліва глядзеў услед радзіне, што аддалялася.

Тое, што ён бачыў, не звяртала на сябе ўвагі нейкаю асаблівасцю. Дзеці не сядалі за стол раней за маці: яны чакалі, потым пачціва віталі яе і, заходзячы ў залу, трымаліся звыклых фармальнасцей. Толькі ўсё гэта рабілася так выразна, з такою падкрэсленай дысцыплінаю, абавязкам і самапавагаю, што Ашэнбах адчуў надзвычайнае захапленне. Ён яшчэ нейкую хвілю пачакаў, потым таксама пайшоў у сталоўку, і яму вызначылі столік, які, як ён з жалем канстатаваў, знаходзіўся вельмі далёка ад століка польскай сям’і.

Змораны, аднак жыва ўзрушаны, ён падчас працяглай вячэры размаўляў з абстрактнымі, нават трансцэндэнтнымі, рэчамі, раздумваў пра таемную сувязь, якую заканамернае павінна падтрымліваць з індывідуальным дзеля нараджэння чалавечай прыгажосці; зыходзячы з гэтага, ён перайшоў да ўсеагульных праблем формы і мастацтва, аж нарэшце прыйшоў да высновы, што яго думкі і знаходкі былі падобныя да пэўных быццам шчаслівых нашэптванняў трызнення, якія пры цвярозым розуме выяўляюцца абсалютна пустымі і нягоднымі. Пасля вячэры ён пасядзеў, пакурыў, потым пахадзіў, пашпацыраваў па парку, напоўненым вечаровымі пахамі; рана пайшоў спаць і правёў ноч у стабільна глыбокім, але ажыўленым рознымі трызненнямі сне.