Светлый фон

Пасля дванаццаці ён пакінуў пляж, вярнуўся ў гатэль і паехаў на ліфце на паверх, дзе быў яго нумар. Ён прабавіў там, у нумары, нямала часу перад люстэркам, разглядаючы свае сівыя валасы, свой стомлены і схуднелы твар. У гэтай хвілі ён думаў пра сваю славу і пра тое, што шмат хто з мінакоў на вуліцы ведаў яго і пазіраў на яго з пашанаю за трапнае ды прыгожа-прывабнае слова, і ён згадваў усе вонкавыя поспехі свайго таленту, якія толькі прыходзілі яму на памяць, і нават прыпомніў пра сваё дваранства. Потым ён накіраваўся ў сталоўку на другі сняданак і пад’еў за сваім столікам. Калі ён пасля сняданку ўвайшоў у ліфт, моладзь, таксама пасля сняданку, увалілася ўслед за ім у кабінку, якая закалыхалася; з’явіўся і Тадзя. Ён стаяў вельмі блізка ад Ашэнбаха, упершыню так блізка, што цяпер яго можна было ўспрымаць і разглядаць не на адлегласці, якая малявала толькі агульныя абрысы, а дакладна, з падрабязнасцямі чалавечага аблічча. З хлопчыкам хтосьці загаварыў, і той, адказваючы з неапісальнаю прыязнаю ўсмешкаю, зноў выйшаў на другім паверсе, задам наперад, з позіркам, скіраваным долу. "Прыгажосць саромеецца сябе", – падумаў Ашэнбах і вельмі глыбока задумаўся, чаму. Ён, аднак, яшчэ раней заўважыў, што зубы ў Тадзі не былі добрымі: няроўныя і бясколерныя, без здаровага бляску і з надзіва крохкаю празрыстасцю, як гэта часам бывае ў малакроўных. "Ён вельмі кволы, ён нездаровы, – падумаў Ашэнбах. – Ён, хутчэй за ўсё, не дажыве да старасці". І ён не заняўся ўдакладненнем свайго пачуцця наконт задавальнення ці супакаення, якое мільгнула пры гэтай думцы.

Ён правёў у сваім пакоі дзве гадзіны, а апоўдні цераз лагуну з пахам гнілля паехаў на вапарэта ў Венецыю. Ён выйшаў на плошчы Святога Марка, там жа выпіў гарбаты і потым, у адпаведнасці са сваім планам на дзень, пачаў шпацыр па вуліцах. Але гэты шпацыр прывёў да поўнай змены настрою, першапачатковых рашэнняў.

Непрыемная задушлівасць панавала ў завулках, паветра было такое густое, што пахі, якія зыходзілі з жытла, крамаў, невялічкіх шынкоў, смурод ад бензіну, воблакі парфумы і шмат якіх іншых рэчываў, якія клубамі віселі ў ім, не рассейваліся. Дым ад цыгарэт не кранаўся са свайго месца і расплываўся вельмі павольна. Людская штурханіна назаляла, замест таго каб прыносіць забаву. Чым даўжэйшым быў яго шпацыр, тым больш пакутліва ім авалодваў агідны стан, які можа стварацца марскім паветрам упярэмешку з сірока, адначасова спалучаючы раздражненне і вяласць. Ён жудасна спацеў. Вочы адмовіліся служыць, грудзі сціснуліся, пачалася ліхаманка, кроў загрукала ў скроні. Ён пусціўся наўцёкі з запоўненых натоўпамі гандлёвых вулачак цераз масты туды, дзе ходзяць бедныя. А там чапляліся жабракі і смярдзючыя выпарэнні з каналаў перашкаджалі дыхаць. На спакойнай плошчы, у адной з тых забытых і закінутых мясцін, якія бываюць у сярэдзіне Венецыі, запыніўшыся каля фантана, ён выцер пот з ілба і зразумеў, што трэба выпраўляцца адсюль.