Між тым, катэр ужо набліжаецца да вакзала, і тут ягоныя боль і бездапаможнасць пераходзяць амаль што ў збянтэжанасць. Ад’езд здаецца пакутніку немагчымым, тым больш – вяртанне. Так, у поўнай нерашучасці, ён заходзіць на станцыю. Ужо застаецца мала часу, ён не мае права траціць ні хвіліны, калі хоча паспець на цягнік. Ён хоча гэтага і не хоча. А час падціскае, падганяе яго наперад; ён спяшаецца набыць білет і ў мітусні залы позіркам шукае прадстаўніка гатэльнага агенцтва, які завіхаецца тут. Чалавек падыходзіць і дакладвае, што вялікая валіза ўжо здадзена ў багаж. Ужо здадзена? Але, усё ў парадку… Да Кома. Да Кома? І з паспешлівага дыялогу, са злосных роспытаў і сарамлівых адказаў выяўляецца, што валіза яшчэ ў бюро апрацоўкі багажу гатэля "Эксцэльсіёр" разам з рэчамі іншых пасажыраў адпраўлена ў абсалютна памылковым напрамку.
Ашэнбаху каштавала высілкаў, каб стрымаць той выраз твару, які быў адзіна зразумелым у гэтых варунках. Радасць прыгод, неверагодная весялосць амаль сутаргава скаланула глыбіню яго грудзей. Службовец кінуўся прэч, каб, магчыма, яшчэ затрымаць валізу, і вярнуўся, як і варта было чакаць, безвынікова. Вось тут Ашэнбах заявіў, што без багажу ён нікуды не паедзе, а вернецца і, поўны рашучасці, будзе чакаць яго ў гатэлі для курортнікаў. Ці ёсць пры вакзале катэр? Чалавек запэўніў, што ён тут, вельмі блізка. Сваёй італьянскаю скорагаворкаю ён даў распараджэнне работніку ў касе забраць назад пагашаны ўжо білет на цягнік, ён пакляўся, што яны для паведамлення выкарыстаюць тэлеграф, што зробяць усё магчымае, каб неўзабаве атрымаць валізу, і – што дзіўна: вандроўнік праз дваццаць хвілін пасля свайго прыезду на вакзал зноў вяртаўся па Вялікім канале ў Ліда.
Дзіўна неверагодная, вартая сораму, смешная, як у трызненні, прыгода: мясціны, з якімі ты толькі што ў самым глыбокім смутку назаўсёды развітаўся, па волі лёсу зноў апынуліся на тваім шляху, каб менш чым праз гадзіну пабачыцца яшчэ раз! Уздымаючы пену перад носам, жвава лавіруючы паміж гандоламі і катэрамі, маленькая, шпаркая пасудзінка імчала насустрач сваёй мэце, а пасажыр у гэты час пад маскаю незадаволенасці і расчаравання хаваў палахліва-дзёрзкае хваляванне хлопчыка-ўцекача. Час ад часу яго грудзі ўсё яшчэ пачыналі ўздрыгваць ад смеху з гэтага непаразумення, лепшага за якое, як ён гаварыў сам сабе, не мог пажадаць сабе самы ўдалы шчасліўчык. Яшчэ яму давядзецца тлумачыць здарэнне, вытрываць здзіўленыя твары, а потым, так запэўніваў ён самога сябе, зноў усё наладзіцца, небяспека знікне, памылка будзе выпраўлена, і ўсё, з чым, як яму здавалася, ён развітаўся, зноў адкрыецца перад ім, надыдзе ў любы час… Ці, між іншым, яму здавалася, што яны плывуць вельмі хутка, ці сапраўды з мора падзьмуў надзвычай моцны вецер?