Светлый фон

Хвалі біліся аб бетонныя сценкі вузкага канала, пракладзенага цераз востраў да гатэля "Эксцэльсіёр". Блуднага вандроўніка там чакаў аўтобус, які неўзабаве павёз яго міма пакрытай баранчыкамі паверхні мора напрасткі ў курортны гатэль. Маленькі вусаты менеджар ў пінжаку з доўгімі крысамі спусціўся адкрытымі сходамі, каб павітацца.

З лёгкаю ліслівасцю ён выказаў шкадаванне з нагоды інцыдэнту, запэўніў, што гэта для яго і ягонай установы вельмі непрыемна, але з упэўненасцю ўхваліў рашэнне Ашэнбаха дачакацца свайго багажу тут. Хоць яго нумар ужо і заселены, аднак іншы, зусім не горшы за той, ён адразу атрымае ў сваё распараджэнне. "Pas de chance, monsieur"[78], – сказаў з усмешкаю швейцар-ліфцёр, падымаючы яго на паверх. І ўцякач зноў атрымаў прытулак, у пакоі, які, паводле месцазнаходжання і абстаноўкі, быў амаль такі ж самы, як і ранейшы.

Змораны, агаломшаны мітуснёю гэтай дзіўнай паловы дня, распакаваўшы змесціва сумкі і расклаўшы ўсё на свае месцы, ён усеўся ў фатэль каля самага акна. Мора афарбавалася ў светла-зялёны колер, паветра здавалася цяпер больш празрыстым і чыстым, пляж з яго кабінкамі і лодкамі – больш маляўнічым, хоць неба ўсё яшчэ было шэрым. Ашэнбах зірнуў праз акно, склаўшы рукі на каленях, задаволены, што ён зноў тут, незадаволена пахітаўшы галавою з прычыны сваёй нерашучасці, няведання сваіх уласных жаданняў. Так ён пасядзеў, магчыма, з гадзіну, адпачываючы і ў бяздумных марах. У полудзень ён заўважыў Тадзю, які ў ільняным касцюме ў палоску з чырвоным бантам вяртаўся з мора ў гатэль цераз пляжную загародку і па дашчаным мастку. Ашэнбах пазнаў яго са свайго паверха адразу, перш чым той заўважыў яго, і ў яго мільгнула думка кшталту: "Эй, Тадзя, і ты таксама зноў тут!" Але ў той самай хвілі ён адчуў, наколькі ягонае абыякавае вітанне было б далёка ад праўды сэрца, і ён прамаўчаў – толькі адчуў хваляванне ў крыві, радасць, боль душы і зразумеў, што развітанне сталася яму такім цяжкім праз Тадзю.

Ён сядзеў зусім сцішана, амаль нябачны на ягоным высокім месцы, заглыбіўшыся ўнутраным позіркам у самога сябе. Яго рысы ажывіліся, бровы ўзняліся, на вуснах блукала ўважлівая, зацікаўлена-дасціпная ўсмешка. Потым ён узняў галаву і вяла звешанымі цераз бакавую спінку крэсла рукамі павольна зрабіў рух, выяўляючы кола і пад’ём, павярнуўшы далоні наперад, быццам паказваючы, як ён шырока раскрывае абдымкі. Гэта быў шчыра запрашальны рух, які дэманстраваў, як спакойна ён усё ўспрымае.

IV

IV

І вось дзень пры дні Бог з полымнымі шчокамі, аголены, кіраваў сваёю калясніцаю, якая дыхала жарам, гонячы яе па нябесных далях, і яго жоўтыя кучаравыя валасы матляліся пад раптоўнымі парывамі ўсходняга ветру. Белавата-шаўкавістае ззянне накрывала прасторы мора, па якім павольна каціліся хвалі. Пясок распаліўся. Пад серабрыста мігатлівай сінню эфіру перад пляжнымі кабінкамі ржавага колеру была разасланая парусіна, а на дакладна абмежаванай пляме ценю, які яны адкідвалі, людзі праводзілі свае перадабедзенныя гадзіны. Але шыкоўным бываў таксама і вечар, калі расліны ў парку пахлі бальзамам, зоры ўверсе ўтваралі свой карагод, а мармытанне начнога мора, амаль нячутна далятаючы на бераг, кранала душу. Такі вечар прыносіў з сабою радаснае абяцанне новага сонечнага дня, злёгку ўпарадкаванай бестурботнасці і ўпрыгожанага шматлікімі, блізкімі, амаль неабмежаванымі магчымасцямі шчаслівага выпадку.