Ужо прамінула некалькі гадоў, як выявілася, што распаўсюджваецца і перамяшчаецца з усё большай сілаю індыйская халера. Беручы свой пачатак з цёплых балотаў дэльты Ганга, узняўшыся разам з задушлівымі павевамі дапатопнай і астраўной дзікасці, якая буяе без патрэбы і якой чалавек пазбягае, у бамбукавым зарасніку якой прытаіўся тыгр – эпідэмія доўгі час і надзвычай злосна лютавала ва ўсім Індустане, перакінулася на ўсходзе на Кітай, на захадзе – на Афганістан і Персію і, прытрымліваючыся галоўных караванных шляхоў, данесла свае жахі да Астрахані, нават да самой Масквы. Але пакуль Еўропа дрыжала са страху, што гэта зараза адтуль і па сушы працягне свой паход, здарылася, што яна занесеная сірыйскімі марскімі гандлярамі, амаль адначасова з’явілася ў некалькіх міжземнаморскіх партах, узняла сваю галаву ў Тулоне і Малазе, не аднойчы прадэманстравала сваю маску ў Палерма і Неапалі і, здавалася, нават не думала адыходзіць з Калабрыі і Апуліі. Поўнач паўвострава засталася, здаецца, некранутаю. Аднак у сярэдзіне траўня гэтага года у Венецыі ў адзін і той самы дзень выявілі жудасныя вібрыёны ў схуднелых, пачарнелых трупах партовага работнікаі гандляркі зелянінаю. Тыя выпадкі не разгалошвалі. Але ўжо праз тыдзень іх было дзесяць, потым дваццаць, трыццаць, і прытым у розных месцах. Мужчына з аўстрыйскай правінцыі, які дзеля сваіх забаў на некалькі дзён затрымаўся ў Венецыі, памёр пасля вяртання ў родны гарадок з недвухсэнсоўнымі прыкметамі, і так здарылася, што першыя чуткі пра бяду горада на лагунах трапілі ў нямецкія газеты. Гарадское кіраўніцтва Венецыі адрэагавала адказам, што здароўе ў горадзе наогул ніколі лепшым не было і прыняло неабходныя меры для барацьбы. Але, магчыма, прадукты харчавання былі ўжо інфікаваныя. Напрыклад, гародніна, мяса ці малако, і калі гэта адкідалася ці затушоўвалася, паморак выкошваў у цесных завулках усё без разбору: датэрміновая спякота, якая падагравала ваду ў каналах, асабліва спрыяла распаўсюду заразы. Вось жа, здавалася, быццам пошасць набыла свежыя сілы, быццам устойлівасць і плоднасць яе ўзбуджальнікаў падвоіліся. Выпадкі выздараўлення былі вельмі рэдкімі: 80 адсоткаў захварэлых паміралі, ды яшчэ самым жудасным чынам. Бо хвароба працякала надзвычай люта і часта выяўляла тую небяспечную форму, якая называеццца "сухою". У такіх выпадках цела не магло выдаляць ваду, якая ў вельмі вялікай колькасці выдзялялася з крывяносных сасудаў. За некалькі гадзін хворы засыхаў і гінуў праз сваю кроў, што рабілася цягучай, як смала, курчачыся ў сутаргах і хрыпенні. Дзякаваць Богу, калі – што часам здаралася – выдаленне пасля лёгкага ванітавання адбывалася ў форме страты свядомасці, з якой ён ніколі ці амаль ніколі не прыходзіў да сябе. У пачатку чэрвеня бясшумна запоўніліся каранцінныя баракі шпіталя, у двух дамах для сіротаў пачаў адчувацца недахоп месцаў, а паміж абноўленым узбярэжжам і Сан Мікеле, выспаю могілак, панаваў ажыўлены рух. Але страх ўсеагульнага заражэння, абачлівасць наведваць нядаўна адкрытую мастацкую выставу ў грамадскіх садах, боязь вялізных страт, якія пагражалі ў выпадку панікі і дрэнных чутак пра гатэль усёй разнастайнай турыстычнай галіне, у горадзе праяўляліся мацней, чым любоў да праўды і павага да міжнародных пагадненняў; гэтыя страх і асцярожнасць дапамагалі ўладам упарта трымацца сваёй палітыкі замоўчвання і адмаўлення. Галоўны медыцынскі чыноўнік Венецыі, чалавек заслужаны, у разгубленасці адмовіўся ад сваёй пасады і ціхенька быў заменены на больш пакладзістую асобу. Народ ведаў гэта, і карупцыя кіраўніцтва, у сукупнасці з усеагульнай няўпэўненасцю, надзвычайным становішчам, у якое горад быў загнаны імклівымі выпадкамі смерці, выклікала пэўную амаральнасць ніжніх шыхтоў, актывізацыю цёмных і асацыяльных інстынктаў, якія неўзабаве пачалі выяўляць сябе ў неўстрыманасці, бессаромнасці і павышанай крымінальнасці. На вуліцах можна было бачыць нязвыкла шмат п’яных; злосны збой, як казалі, рабіў начныя вуліцы небяспечнымі; бандыцкія напады і нават забойствы не былі адзінкавымі, і ўжо два разы выявілася, што людзі, якія нібыта сталі ахвярамі эпідэміі, у сапраўднасці былі пазбаўленыя жыцця іхнімі блізкімі пры дапамозе атруты; прафесійная ж нядбайнасць набывала ўсё больш агрэсіўныя і разбэшчаныя формы, якіх раней тут не ведалі: яны панавалі толькі на Поўдні і на Усходзе.
Светлый фон